Як на кіеўскі Майдан рэагуюць у Беларусі?


А як на падзеі ў суседа рэагуюць у Беларусі? Еўрамайдан праігнаравалі не толькі дзяржаўныя медыі, але і беларуская партыйная апазіцыя. Украінскіх дэмакратычных актывістаў, якія не раз прыязджалі да нас на буйныя акцыі пратэсту, беларускія кабінетныя апазіцыянеры падтрымліваюць на адлегласці.
{movie}Кабінетная салідарнасць (02.12.2013) |right|13591{/movie}
Што сёння адбываецца на вуліцах Кіева, у Беларусі ведае не кожны. Аб пратэстах за еўраінтэграцыю чулі найперш тыя, хто сам шукае інфармацыю або мае ва Украіне сяброў. Беларускія медыі або зусім не ўзгадваюць пра Кіеў, як “Советская Белоруссия” і агенцтва БелТА, або канцэнтруюцца ў расповедах на жахах вулічных баёў, ігнаруючы прычыны канфлікту.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ: “Жах там адбываецца. Добра, што ў нас у Беларусі ўсё спакойна і добра”.
“Яны самі сябе не паважаюць і проста выступаюць, не ведаючы, што хочуць”.
“Калі не Еўразвяз, тады Расея возьме іх пад сябе. Таму я безумоўна на баку людзей, якія выступаюць за Еўразвяз”.
“Я, калі шчыра, не бачыў, чаму мітынгі там, з якой прычыны. Спадзяюся, у нас такога не будзе ў наступным годзе”.
“Трэба неяк улічваць інтарэсы і народу, а не толькі вузкай кіроўнай групоўкі. Гэта датычыць і нашай краіны”.
“Я іх падтрымліваю, па-першае, у імкненні да еўраінтэграцыі, а па-другое – у барацьбе за незалежнасць”.

А што можа зрабіць беларускі актывіст, каб дапамагчы ўкраінскім братам у барацьбе за еўрапейскае жыццё? Проста паехаць у Кіеў.

ПАВАЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ: “Першая і неабходная рэч у гэтай сітуацыі – арганізацыйны выезд у Кіеў для палітычнага і псіхалагічнага падтрымання ўкраінскіх палітычных дзеячаў, украінскай апазіцыі, для салідарнасці”.

Аднак кіраўнікі беларускай апазіцыі, у адрозненне ад шараговых актывістаў, абмежаваліся заявамі салідарнасці. Кажуць, на віленскім саміце дамовіліся з украінскімі калегамі трымаць кантакт.

АНДРЭЙ ДЗМІТРЫЕЎ, РУХ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»: “Пастанавілі, што пакуль няма такой патрэбы, каб туды прыехаць. Яны падзякавалі нам за салідарнасць і падтрыманне, і мы з імі на сувязі. І калі сапраўды такая патрэба будзе, і калі гэта будзе важна, каб лідары менавіта прыехалі, то, несумненна, мы прыедзем. Але ёсць нашыя актывісты, якія ўжо паехалі, ім на гэта непатрэбны нічый дазвол”.

За дазволам – да ўладаў – будзе звяртацца Аб’яднаная грамадзянская партыя. З сёння АГП пачынае падачу заявак на правядзенне акцыяў салідарнасці з Еўрамайданам. Зрабіць штосьці больш сур’ёзнае апазіцыянерам не дазваляе рэжым – у сэнсе працоўны графік. Бо трэба займацца “Народным рэферэндумам” і ўнутранымі выбарамі.

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ: “Мы павінныя адказваць адным голасам і беларусам, і рэжыму, і еўрапейцам. Мы павінныя казаць пра адну каманду, адну стратэгію, адзінага кандыдата 2015 года”.

Маленькае выключэнне – лідар руху “Разам” Вячаслаў Сіўчык, які з’ездзіў на мітынг у Львоў. Але да Кіева не даехаў ніхто з партыйных кіраўнікоў.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў