Ён не просіць дапамогі, а проста хоча жыць


Сяргей Гудовіч быў паспяховым маладым цяжкаатлетам, збіраўся ажаніцца. Але ў дзень, калі меўся ісці ў ЗАГС, трапіў на больнічны ложак і ўжо больш ніколі не хадзіў. З нагоды Міжнароднага дня людзей з абмежаванымі магчымасцямі публікуем вельмі кранальнае і шчырае інтэрв’ю.



У Маладзечна каля дому Сяргея стаіць каплічка. Памерам яна з паштовую скрыню, якую звычайна паказваюць у амерыканскіх фільмах. Пад ёй – сэрца. Гэтае сэрца і прывяло мяне да Сяргея.

«Гэта ж Сяргей зрабіў! – кажа ягоная суседка. Вы зайдзіце да яго, ён цяпер мае быць дома, нядаўна з Бельгіі вярнуўся…»

Пабачыўшы на агароджы «злы сабака» стала тарабаніць у акно. У доме запалілі святло, і я ўбачыла яго, у калясцы. Памахала рукою ды не прайшло і хвіліны, як пачула, што дзверы адамкнулі і мяне паклікалі.

Сяргей сустрэў мяне ля парогу, запрасіў у хату і заварыў гарбату. Так мы і прасядзелі цэлы вечар.

У дзень аварыі меўся весці дзяўчыну ў ЗАГС



Цяпер яму 44. Больш за 20 гадоў мінула, як ён сеў у каляску. Быў май, 1991 год. Правёў дзяўчыну і на матацыкле вяртаўся дамоў. Толькі выехаў на дарогу, як трапіў у яміну. Калі дарожнікі рамантавалі дарогу, не паклапаціліся пра краткі зліву і не паднялі да ўзроўню новага асфальту. Руль вырвала, пярэдняе кола выглядала так, быццам у яго хто лом усунуў. Сяргея адкінула на алею, і ён левым бокам уляцеў у дрэва.

Наступствы аварыі былі страшэннымі: зламаныя грудная клетка, пазваночнік у двух месцах, чэрапна-мазгавая траўма. Пасля – тры месяцы ў непрытомнасці.

«За гэтую дарогу пасля аварыі палова камунальнікаў адказвала. Я потым усе дакументы падымаў аб здарэнні і ведаеш што? Нідзе нічога. На наступную ж раніцу пасля таго, як разбіўся, яміны не было. Усё зрабілі, быццам прыснілася мне. Можна падумаць, на аўтобусе ехаў, а калі выходзіў, сам уляцеў у дрэва. Усё шыта-крыта. Чаму? Юрыдычна, іск аб страце здароўя можна падаць у любы час: і праз 20, і праз 30 гадоў. І я выйграю, калі маю доказы, што ўсё адбылося праз іхную віну. Дзяржаве ўтрымліваць мяне трэба, пенсію плаціць. Ведаеш, якая ў мяне пенсія? Мільён і чатырыста тысяч. Я – інвалід 1 групы. Калі разбіўся, мне быў 21 год, толькі з арміі вярнуўся. І толькі тыя 2 гады, што я там правёў, узялі за працоўны стаж. А дзе я мог яго зарабіць? Дзіўна, што трапіўшы ў аварыю праз віну дзяржавы, я не трымаю на яе зла».



«Няхай будзе сэрца на гэтым раёне»



Калі здарылася няшчасце, сябар Сяргея прыйшоў у мясцовую царкву і прасіў айца Авяніра правесці службу, каб ён выжыў.

«Праз колькі гадоў пасля таго, як мяне выпісалі з больніцы, пад’ехаў да той царквы. Пандусаў няма, і я проста накіраваўся да айца Авяніра. Ён глянуў на мяне і кажа: «Я цябе ведаю». Першы раз мяне бачыць! Значыць, ёсць штосьці, для чаго я застаўся жыць, для чаго мушу жыць. Людзі думаюць, што жыццё вялікае і яны ўсё паспеюць. Але не, жыццё маленькае. Яно, як яблык: бліжэй да сонца – здаровы, бліжэй да зямлі – чарвівы і хутка гніе».

Так Сяргей і вырашыў збудаваць каплічку. Уначы яна свеціцца рознымі колерамі. Пад ёй – вылітае з каменя сэрца. Стаіць не ў ягоным ў двары, а непадалёк, на Т-вобразным перакрыжаванні, каб з кожнага боку была бачная.

«Калі толькі пачаў ёй займацца, людзі жартавалі: «Гэта ты сабе помнік ставіш?» Аказалася, каплічку – ды не сабе. Няхай будзе сэрца на гэтым раёне. Я ж назіраю: ідуць бацькі з дзецьмі, а малы раз – і падбег. Дарослыя тады пачынаюць тлумачыць, што гэта, ідзе пэўнае выхаванне. Бабулькі праходзяць, ім таксама цікава, бо ніколі такога не бачылі. І пытанне адразу: «А хто гэта зрабіў? – Ну, я. – І за свае грошы? – А за чые ж яшчэ?».

«Людзі гоняцца за гэтымі грашыма і не заўважаюць, што побач. Калі б кожны зрабіў хоць штосьці, нават каля свайго дому, дык па-іншаму б зажылі. Вось я вазьму ды змяту з вуліцы пясок, што машыны намялі, каб дарога шырэйшая была. Людзей здзіўляе, навошта я гэта раблю. Але каб кожны так зрабіў, самім лепш было б. Дык расплюшчыце вочы і падумайце: навошта вы жывяце і як вы жывяце? Ды колькі вам жыць засталося? Часам гатовыя адзін аднаго разарваць. Ведаеш, чым мне Еўропа падабаецца? Ідзеш сабе, а людзі з табою вітаюцца, усміхаюцца. Ніхто не грузіць сваёй негатыўнаю энергіяй».



«Як стаў вандраваць? Проста вельмі шмат гутару з людзьмі»

Вандраваць Сяргей пачаў яшчэ ў 2006 годзе. За гэты час паспеў не толькі пабачыць, але і крыху пажыць у шасці краінах.

«Як стаў вандраваць? Проста вельмі шмат гутару з людзьмі. А цяпер яшчэ і інтэрнэт ёсць, так і завёў за мяжою сяброў. З немкаю Дорыс Пашэка пазнаёміўся праз «Чырвоны крыж». Назбіраў грошай на квіток, патэлефанаваў, сказаў «лавіце мяне» і ўсё. Нядаўна якраз вярнуўся з вандроўкі: Бельгія, Германія, Галандыя і Аўстрыя. Калі вяртаўся, так было прыемна, не перадаць гэтага адчування. Ускараскваюся ў бус, каб у аэрапорт ехаць, а дзеці з двара бягуць да мяне і хто на англійскай мове, хто як, крычаць: «Май фрэнд! Май фрэнд!» І ледзь не плачуць: «Чаго ты з’язджаеш?» Больш за год дома не быў. Цяпер часта так. Раней адведаў Чэхію і Польшчу. Жыць проста хочацца, вось і жыву. Зірні ў мае вочы – колеру маладога вясенняга лесу», – усміхаецца Сяргей.

Сяргей разбіўся на вул. Замкавая. У гэтым доме ў той час жыла ягоная дзяўчына. Ад яе ён і вяртаўся. Адсюль да месца здарэння літаральна 20 м.



Калі з Сяргеем здарылася няшчасце, рамантавалі дарогу і клалі асфальт, а дрэнажныя краткі забыліся падняць да патрэбнага ўзроўню. Яны і стала прычынаю аварыі. Вось і цяпер тут ідуць рамонтныя працы. Ці зробяць на гэты раз дарожнікі ўсё як след? Ці не здарыцца яшчэ аднаго няшчасця?

Працяг гісторыі Сяргея чытайце на нашым сайце сёння ўвечары.

У другой частцы мы распавядзем, як Сяргей сам збудаваў кватэру, распрацаваў праект зоны адпачынку, яку, на жаль так ніхто і не зрабіў. І як гарадскія ўлады праігнаравалі ініцыятыву зрабіць спартыўную залу для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Настасся Роўда, belsat.eu

Стужка навінаў