Новы лозунг Лукашэнкі: Дэмакратыя, справядлівасць, сумленне!


Кіраўнік краіны хоча, каб мясцовыя выбары ў 2014 годзе сталі «дэманстрацыяй сапраўднай дэмакратыі». Пра гэта стала вядома пасля сённяшняй сустрэчы кіраўніка дзяржавы са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, паведамляе прэс-служба прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка ўхваліў прапанову Цэнтрвыбаркаму правесці выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў 23 сакавіка 2014 года.

Ярмошына адзначыла, што тэрмін паўнамоцтваў цяперашніх дэпутатаў мясцовых саветаў заканчваецца 25 красавіка. У адпаведнасці з Канстытуцыяй чарговыя выбары маюць адбыцца не пазней, чымся за 30 дзён да заканчэння гэтага тэрміну.

Лукашэнка, паведамляе ягоная прэс-служба, заявіў, што выбарчыя кампаніі ў Беларусі, якія маюць адбыцца, павінныя стаць «дэманстрацыяй сапраўднай дэмакратыі». Гэтак, у 2014 годзе пройдуць выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў, у 2015-м – прэзідэнцкія выбары, у 2016 годзе – парламенцкія.

«Мы павінныя сур’ёзна падысці да гэтага этапу развіцця нашай дзяржавы. Справа ў тым, што сітуацыя няпростая, і нашы альтэрнатыўныя палітыкі, назавем іх так, не будзем крыўдзіць іх заступнікаў за мяжою, вельмі разлічваюць вось на гэты прамежак, – адзначыў Лукашэнка. – Яны плануюць, што выбары ў мясцовыя саветы – гэта будзе нейкі пачатак, развіццё, а апагея так званая дэмакратыя дасягне ў прэзідэнцкія выбары, і скончыцца гэта парламенцкімі выбарамі».

Паводле Лукашэнкі, «страціць 3 гады для развіцця краіны ў гэты перыяд будзе катастрафічна». «Таму выбары будуць вельмі сур’ёзныя. Мы сур’ёзна павінны да гэтага перыяду рыхтавацца. І хацелася б, каб гэтыя выбары сталі дэманстрацыяй сапраўднай дэмакратыі. Тут мы павінныя ў рукі народу аддаць усё для таго, каб народ сам вызначыўся, хто будзе кіраваць ім і дзяржаваю, як будзе развівацца краіна, і ў якім кірунку. Гэта маё жалезнае меркаванне», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Калі там хтосьці разважае, што мы ўжо пачалі рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў, то, шчыра кажучы, я наагул не ў курсе гэтай справы», – заявіў Лукашэнка. «Хацелася б, каб вы мне расказалі, як развіваюцца падзеі на гэтым выбарчым «рынку», калі можна так сказаць, – звярнуўся кіраўнік дзяржавы да Лідзіі Ярмошынай. – Але ўсё павінна быць сумленна і справядліва. Я толькі на гэта разлічваю».



Лукашэнка таксама адзначыў, што цяперашні кіраўнік Цэнтрвыбаркаму, як і раней, будзе займацца арганізацыяй і правядзеннем палітычных кампаніяў. Што да фінансавання выбараў, то Лукашэнка папярэдзіў: «лішніх грошай няма», але праца тых, хто будзе прыцягвацца на гэты перыяд, мусіць быць прыдатная аплочваная.

«Людзей, якія будуць занятыя выбарамі, мы павінны падтрымаць, заплаціць ім за гэтую працу. Але пажадана, каб мы ненадоўга адцягвалі людзей ад асноўнай працы. Асноўную нагрузку перанясем на дзяржаўныя органы, каб яны працавалі за кошт тых сродкаў, якія яны выдаткоўваюць з бюджэту на сваю дзейнасць. А людзям, якія будуць залучаныя на выбары, мы, вядома, павінныя заплаціць годна. Хочам якасці – трэба плаціць. Але лішніх грошай няма», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ю.В., паводле БелаПАН

Стужка навінаў