На менскіх прыпынках – плакаты супраць павышэння кошту за праезд


«Праезд Br 3 тыс.? Стоп! Хопіць плаціць рэжыму!» – напісана на плакатах.

Актывісты грамадскай арганізацыі «Альтэрнатыва» вывесілі плакаты супраць павышэння кошту праезду ў грамадскім транспарце ў раёне ўнівермагу «Беларусь» і на прыпынках на Партызанскім праспекце ў Менску.

На плакатах надпісы: «Сёння праезд Br 3 тыс. А заўтра?», «Праезд Br 3 тыс.? Стоп! Хопіць плаціць рэжыму!» і гэтак далей.

«Гэтак мы звяртаем увагу менчукоў на чарговае павышэнне кошту праезду з тым, каб яны задумаліся, ці адпавядаюць рэчаіснасці выказванні кіраўніцтва краіны аб стабільнасці ды паспяховасці сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Таксама мы даем парады менчукам – на знак пратэсту супраць падвышэння кошту па магчымасці не плаціць за праезд. На будаўніцтва лядовых палацаў, правядзенне вайсковых парадаў, а таксама на дарагія «Майбахі» грошы ў іх ёсць, а вось каб забяспечыць падтрыманне сацыяльнай сферы – чамусьці няма», – пракаментаваў акцыю адзін з яе ініцыятараў .

Вывешванне плакатаў прайшло без эксцэсаў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў