Горадня першай у Беларусі маштабна «закадуе» гістарычныя каштоўнасці


Гарадзенскі ўніверсітэт першым сярод рэспубліканскіх установаў размясціў на фасадзе галоўнага корпусу QR-код. Пакуль гэта адзіны будынак у горадзе з гэткаю пазнакаю. Аднак унутры вучэльні ўжо рыхтуюць QR-праект, які павялічыць колькасць «закадаваных» аб’ектаў.

Першы ў Горадні QR-код з’явіўся на галоўным корпусе ўніверсітэту імя Янкі Купалы ў снежні 2011 года. Уласную ідэю ўвасобіў у жыццё студэнт факультэту матэматыкі і інфарматыкі Яўген Неўгень з дапамогаю кіраўніцтва ўніверсітэту.



QR-код (ад «Quick Response» – «хуткі водгук») – гэта своеасаблівы двухмерны штрыхкод, які дазваляе мабільнаму тэлефону сасканаваць змешчаную ў пазнацы спасылку і прачытаць схаваную інфармацыю аб патрэбным аб’екце. QR-код стварыла японская кампанія «Denso-Wave» для ідэнтыфікацыі аўтазапчастак у 1994 годзе.



Першы праект скончыўся адным будынкам

Распрацоўка QR-праекту заняла некалькі месяцаў. На задуму аўтара, QR-пазнаку дзеля арыгінальнасці мусілі выкласці з керамічнае пліткі, якую ён знайшоў толькі ў Польшчы. Аднак матэрыял коду неістотны, галоўнае – чорна-белы колер, які будзе ў стане сасканаваць мабільны тэлефон.

Спадар Неўгень распрацаваў і адмысловы QR-сайт універсітэту, які ўяўляе сабою сціслы варыянт універсітэцкага сайту. З QR-спасылцы можна даведацца гісторыю ўстановы, кантактныя звесткі, навіны, цікавыя факты з жыцця ўніверсітэту. Паводле аўтара, праект быў разлічаны перш за ўсё на турыстаў і мінакоў, якія маглі б самастойна хутка даведацца пра найстарэйшы ўніверсітэт гораду.

Яўген распавёў: падчас замежных падарожжаў ён звярнуў увагу на тое, што QR-коды ўжываюць значна часцей, чымся ў Беларусі. Але, напрыклад, у Злучаных Штатах такія пазнакі можна ўбачыць перадусім у крамах на розных таварах, а не на турыстычных аб’ектах. Ён таксама згадаў пра цікавы менскі праект «Мабільная бібліятэка», дзе пры дапамозе «к’ю-ар’аў» чытачы могуць знайсці ў інтэрнэце кнігі.

У планах было распрацаваць такія коды для ўсіх корпусаў універсітэту і нават для турыстычных аб’ектаў гораду. Аднак праект не меў свайго працягу, а Яўген цяпер жыве ў Менск і працуе ў амерыканскай ІТ-кампаніі.

У новым праецке аб’ектаў будзе 50

Як паведаміў дацэнт кафедры праграмнага забеспячэння інтэлектуальных і камп’ютарных сістэмаў гарадзенскага ўніверсітэту Яўген Алізаровіч, рэалізацыю праекту прыпынілі праз нястачу «працоўных рук». Аднак на гэтым ідэя не знікла.

Сёлета ўлетку ў медыях з’явілася інфармацыя, што ў хуткім часе 50 гарадзенскіх будынкаў «закадуюць» у межах праекту транспамежнай супрацы Беларусь–Літва–Латвія. Аднак ні ўлады, ні адміністрацыя ўніверсітэту не змаглі патлумачыць «Белсату», што гэта за праект і хто за яго адказвае.

Адначасова высветлілася, што актыўная моладзь рыхтуе асобны ад транспамежнай супрацы QR-праект. Менеджар праекту Павел Андрэеўскі, выпускнік факультэту эканомікі і ўпраўлення гарадзенскага ўніверсітэту 2012 года, распавёў, што зроблена і што яшчэ плануюць зрабіць: «Праект называецца «QRcity», што сугучна англійскаму «curiosity» – цікаўнасць. Мы хацелі распавесці жыхарам Гародні і турыстам пра багатую гісторыю аб’ектаў вакол нас, пра цікавыя гістарычныя падзеі, што мелі месца на гэтае тэрыторыі, каб паказаць, якая глыбокая і захапляльная гісторыя жыве зусім непадалёк».

Праект стварае група з васьмі асобаў, пераважна студэнтаў і выпускнікоў універсітэту – распрацоўнік сайту, дызайнер, гісторыкі, эканамісты, маркетолагі – пры падтрыманні адміністрацыі вучэльні і мясцовых уладаў. Сэнс праекту – у распрацоўванні мабільнай і камп’ютарнай версіі турыстычнага сайту Qrcity.by пра горад і яго гістарычна-культурныя каштоўнасці. Ён будзе працаваць праз QR-коды, размешчаныя на будынках у выглядзе QR-пазнакаў памерам 35х35 см. Спасылка правядзе да апісання аб’екта, старадаўніх і сучасных фотаздымкаў, цікавых фактаў з гісторыі; аўдыя- і відэафайлаў пакуль не будзе.

У спісе – каля 50 будынкаў. Гэта пераважна гісторыка-культурныя каштоўнасці ў гістарычным цэнтры або побач з ім.

Запусціць новы праект плануюць увесну наступнага года. Дазвол ад Міністэрства культуры ўжо атрымалі. Засталося перакласці сайт на замежныя мовы (сайт можна будзе пачытаць на трох ці чатырох мовах – беларускай, расейскай, англійскай і, магчыма, польскай), тэставанні яго на розных гэджэтах, вытворчасці шыльдаў.

Аналагаў гэтаму праекту на нацыянальным узроўні пакуль што няма. Павел Андрэеўскі адзначыў, што думка зрэалізаваць штосьці такое прыходзіла розным людзям у розныя часы, пры гэтым настолькі прасунуць справу атрымалася толькі ў іхнай каманды. Калі будзе патрабаванне, то праект пашыраць на іншыя гарады Беларусі.

Марына Юзэфовіч, belsat.eu

Стужка навінаў