Гарадзенскі лекар напісаў мемуары пра сваякоў-альбарутэнаў


Пра тое, як жылі «альбарутэны» пад Горадняю, як вясковец-беларус размаўляў з пчоламі па-англійску, а сусед атрымаў 10 гадоў за… патэльню. Успаміны пра цікавыя і адначасова драматычныя лёсы жыхароў асобна ўзятай вёскі пад Горадняй – гэта своеасаблівы падручнік па гісторыі Беларусі.

Мечыслаў Курыловіч. Фота kamunikat.orgМечыслаў Курыловіч. Фота kamunikat.orgДзядзька Антон «за польскім часам» арандаваў ферму ў Брытаніі, а вярнуўшыся на радзіму, механізаваў сваю гаспадарку і нават прыдумаў унікальную паілку для пчолаў, з якімі размаўляў па-англійску. Памёр у лагеры ў Варкуце. Сваяка Уладзіслава, які перад 1939 годам пабываў у Францыі, савецкія органы пасадзілі на 10 гадоў. Паводле вясковае легенды – за тое, што паставіў патэльню на газету з партрэтам Сталіна. Пра жыццё «пры Польшчы», пра немцаў, адныя з якіх расстрэльвалі, а іншыя – змагаліся за здаровы лад жыцця і чыстую самагонку для мясцовых беларусаў, пра аблавы на партызанаў Арміі Краёвай і сустрэчы з тымі, хто іх ладзіў…

«Сучасныя мемуары» лекара-хірурга і паэта Мечыслава Курыловіча пад назваю «Ліцвінка» надрукавалі ў новым нумары літаратурнага альманаху «Новы замак». Аўтар распавядае, між іншым, пра альбарутэнаў*, якімі называе сваіх родных з ваколіцаў вёскі Плябанішкі пад Горадняю.

У «Новым замку» вы таксама знойдзеце: апавяданне, дасланае з ЗША Стасам Ільіным – выпускніком гарадзенскай школы, які стаў амерыканскім дальнабойшчыкам; драматычную паэму Міколы Арочкі «Каранацыя Міндоўга» (пры жыцці аўтара надрукавалі толькі ўрывак); вершавана-празаічны «замежны дзённік» Сяргея Астраўца пра тры выспы – Готлянд, Маллёрку і Локрум; нізку памежных апавяданняў Віктара Сазонава і шмат іншага.

astr-Novy Zamak-2013

Альманах «Новы замак» змяшчае творы сябраў гарадзенскага аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Укладальнік – Сяргей Астравец. Выдаецца раз на год. Выйшла два нумары.

* ад лац. Alba Ruthenia – Белая Русь.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары