700 сапраўдных помнікаў народаў Вялікага Княства Літоўскага


У Менску працуе ўнікальная выстава «Белая Русь і яе суседзі», якая сталася супольным праектам Расейскага этнаграфічнага музею Санкт-Пецярбургу і Нацыянальнага гістарычнага музею Беларусі.

Экспазіцыя ўяўляе сабою больш за 700 аўтэнтычных помнікаў традыцыйнае культуры народаў, якія засялялі землі гістарычнай вобласці, якая атрымала назву Белая Русь. Гэта беларусы, літоўцы, латышы, палякі, украінцы ды іншыя: усе гэтыя этнасы некалі пражывалі ў межах адзінае дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага.

Увазе наведнікаў пададзены традыцыйны касцюм, які найбольш яскрава стварае візуальны вобраз народаў гэтага рэгіёну, падкрэслівае агульныя рысы ды паказвае своеасаблівасць кожнай з культураў. Адною з цэнтральных тэмаў выступае вясельны комплекс – своеасаблівы этнічны сімвал народаў. Другі комплекс прысвечаны тэме рэлігіі, канфесіям, іх ролі ў нацыянальным адзінстве і культурнай разнастайнасці народаў.

На выставе таксама экспануюцца матэрыялы, якія апавядаюць пра рамесныя традыцыі – ткацтва, дрэваапрацоўку, ганчарства, кавальства. Асобнае месца адвялі калекцыі ўнікальных музычных інструментаў, якую ўпершыню экспануюць у такім аб’ёме.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў