Будынак украінскага ўраду заблакавалі. Людзей просяць пазбягаць правакацыяў


Пад будынкам Кабінету Міністраў у Кіеве сабраліся больш за 6 тыс. чалавек. Мітынгоўцы падкрэсліваюць, што гэта мірная акцыя пратэсту.



Удзельнікі акцыі перакрылі ўваход у будынак Кабміну і праезд на вуліцы Грушэўскага. Службовы ўваход ва ўстанову ахоўваюць байцы спецназу. Уезд ва ўнутраны двор установы перакрыў службовы аўтобус.

Працаўнікі дзяржаўных установаў прыходзяць на працу, але не могуць трапіць у будынак. Паведамляюць, што пад будынак прывезлі прадукты і гарачыя напоі.

Працаўнікі збіраюцца групкамі і спрабуюць датэлефанавацца да кіраўніцтва. «Некаторым з іх сказалі, што працоўны дзень адмянілі», – адзначыў журналіст украінскага «5 каналу».

На акцыі прысутнічалі дэпутаты ад апазіцыі ды Юрый Луцэнка. У мегафон пастаянна гучаць заклікі пра тое, што акцыя мірная, а маладзёнаў просяць не засланяць твараў.

МЯ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў