Кіеў он-лайн!


Падбор онлайн- відэатрансляцыяў (ніжэй тэкст):



___________________________________________________________________________________________________
19.12.13

Ва ўкраінскай сталіцы прайшла акцыя салідарнасці з беларускім народам, прымеркаваная да 3-й гадавіны Плошчы-2010.

Да мітынгоўцаў са сцэны Еўрамайдану звярнуўся лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. Ён адзначыў, што беларусы едуць на Майдан у Кіеў, бо спадзяюцца, што спачатку Украіна, а потым і Беларусь, іхная Бацькаўшчына, пабудуе дэмакратыю.

Пасля выступу беларускага дзеяча калона беларускіх і ўкраінскіх актывістаў адправілася да амбасады Беларусі ў Кіеве, каб перадаць зварот з патрабаваннем вызваліць усіх беларускіх палітвязняў і правесці свабодныя выбары.



18.12.13

Пад офіс галоўнага спонсара Партыі рэгіёнаў алігарха Рыната Ахметава актывісты Еўрамайдану прынеслі «крывавую» ялінку. Яе «ўпрыгожылі» фотаздымкамі людзей, якія пацярпелі ад рук байцоў «Беркута» і «цітушак».



Супраць актывістаў Евромайдану
па ўсёй Украіне распачата як мінімум 11 крымінальных справаў. Пра гэта інтэрнэт-выданню zn.ua паведаміла актывістка ініцыятывы «Еўрамайдан SOS» Ірына Мухіна.

У сваю чаргу лідары апазіцыі гаворыць, што Януковіч здрадзіў інтарэсам украінскага народу. Падпісаныя ў Маскве пагадненні называюць нелегітымнымі ды кажуць, што будуць дамагацца адстаўкі Кабінету міністраў.



17.12.2013

Віктар Януковіч спаткаўся ў Маскве з Уладзімірам Пуціным. Падчас перамоваў кіраўнікі краінаў падпісалі 14 дакументаў аб супрацы ў розных сферах. Прэзідэнты заявілі, што яшчэ перад Новым годам Расея і Украіна маюць падпісаць дадатковыя дамовы, змест якіх – невядомы.

Пуцін на прэс-канферэнцыі заявіў, што пастаўкі газу на Украіну будуць адбывацца па значна мнейшых коштах ($ 268,5 за 1 тыс. куб. м. Раней цана на газ для Украіны складала каля $ 400 за 1 тыс. куб. м.). Лідар РФ паабяцаў таксама, што Расея размесціць 15 млрд долараў у доўгатэрміновых даўгавых абавязальніцтвах Украіны.



16.12.2013

Украінскага віцэ-прэм’ера Клюева пастанавілі «задзяўбаць»
Украінскі журналіст Мустафа Наем распачаў у «Twitter’ы» флэш-моб супраць першага віцэ-прэм’ера Украіны Сяргея Клюева. Журналіст прапанаваў публікаваць у сваіх акаўнтах наступную фразу: «Клюеў загадаў біць студэнтаў».
Некалькі дзён таму ў інтэрнэце з’явіліся дакументы, якія нібыта сведчаць, што высокапастаўлены чыноўнік аддаў загад разагнаць Майдан і «даў дабро» на збіццё мірных дэманстрантаў. Украінская пракуратура цяпер распачала следства па факце збіцця дзясяткаў маладзёнаў, якія выйшлі на плошчу, пратэстуючы супраць змены геапалітычнага вектару Украіны з еўрапейскага на расейскі.
За крывавы разгон Еўрамайдану ўжо адправілі ў адстаўку некалькіх чыноўнікаў з шэрагаў сілавікоў. У адстаўцы і кіраўнік Кіеўскай гарадской Рады, пратаколы допыту якога ўказваюць на дачыненне віцэ-прэм’ера Клюева да разгону Майдану ў ноч на 1 снежня.




15.12.2013

Удзельнікі народнага веча “Дзень годнасці” на Еўрамайдане ў Кіеве прынялі рэзалюцыю, якая забараняе Віктару Януковічу падпісваць пагадненне аб далучэнні Украіны да Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану, прынялі

«Мы катэгарычна забараняем падпісваць пагадненне аб далучэнні Украіны да Мытнага саюзу. На 18 гадзін 17 снежня – дату магчымага падпісання пагаднення – Майдан пастанаўляе сабраць чарговае народнае веча, каб сотні тысяч людзей самой сваёй прысутнасцю перасцераглі Януковіча ад акту дзяржаўнай здрады. А ў выпадку, калі ён праігнаруе наша папярэджанне, каб мы маглі прыняць аператыўныя рашэнні для абароны суверэнітэту Украіны і самога права на яе існаванне як незалежнай дзяржавы», – гаворыцца ў рэзалюцыі.

Украіна больш не будзе “губерняй Расейскай імперыі”, Украіна абавязкова будзе членам Еўразвязу, падкрэсліваецца ў дакуменце.



14.12.2013

17:30 Акцыя ў падтрымку Януковіча праўдападобна скончылася, хоць і была абвешчана бестэрміновай. Вось так выглядала Еўрапейская плошча а 17:30, фота з інстаграму maybeua:

15:00 Многія з удзельнікаў праўладнага мітынгу знаходзяцца ў нецвярозым стане. На пагорках масавае распіццё спіртных напояў.



12:00 У Кіеў прыбываюць тысячы людзей, якія, як плануецца, будуць браць удзел у Антымайдане на Еўрапейскай плошчы. Ён ўжо распачаўся. Пратэстоўцы з Еўрамайдану апасаюцца правакацый. Увесь час з’яўляецца неправераная інфармацыя пра тое, што нібы рыхтуецца масавая правакацыя з мэтай сутыкнуць мітынгоўцаў ілбамі, справакаваць масавую бойку.


Блогер frankensstein, які пабываў на провадах спеццягніка з Данбаса (гл. фота), сведчыць што туды сабраліся ўсе журналісты гораду і відавочна, што мітынг рыхтуецца штучна – транспарт і “дзённыя” аплочаны чыноўнікамі, але гэта нікога не здзіўляе. У сацыяльных сетках раз-пораз усплываюць паведамленні ў стылі “Едзем біць Бандэру!”, пратэстоўцы ўспрымаюць такія тэксты за спробу правакацыі.
У сваю чаргу ўдзельнікі Еўрамайдану падрыхтавалі ўлёткі, дзе заклікаюць апанентаў не паддавацца на правакацыі і намагаюцца распаўсюдзіць іх сярод удзельнікаў праўрадавага мітынгу.
Паміж Майданам і Еўрапейскай плошчай пратэстоўцы зладзілі нейтральную зону, з гэтага боку ўзмоцнена ахова, з’явілася нават конная! (гл.фота). Увечары плануецца вялікі канцэрт гурту “Океан Ельзи”, для “рэгіяналаў” хочуць зарганізаваць сектар, каб таксама маглі паглядзець і паслухаць.


13.12.2013


22:10 Стала вядома, што выканаўчая служба запатрабавала вызваліць будынак Федэрацыі Прафсаюзаў згодна з пастановай Пячорскага раённага суда. Вызваліць будынак мусяць не толькі пратэстоўцы, але і сама Федэрацыя Прафсаюзаў, супраць чаго пратэстуе Прэзідэнцыя Федэрацыі. У будынку маюць застацца толькі супрацоўнікі фірмы аховы і прадпрыемства “Гаспадарчае ўпраўленне ФПУ”. Інфармацыя пра гэта з’явілася сёння на старонцы ФПУ.


20:00 Пад вечар пятніцы ў цэнтр Кіева пачалі сцягваць сілавікоў. Як паведамляе карэспандэнт “Украінскай праўды” па стане на 19:50 на вуліцы Інстытуцай з’явіліся 2 вялікіх аўтобусы з прадстаўнікамі ўнутраных войскаў як ўзмацненне да 5 мікрааўтобусаў з сілавікамі, якія да гэтага часу дзяжурылі каля Кабінета міністраў. Нагадаем, сёння, падчас круглага сталу, Януковіч выступіў за неўжыванне сілы супраць пратэстоўцаў.
Паведамляецца, што на выходныя ў Кіеў сцягваецца вялікая лічба бюджэтнікаў, супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў і інш. для удзелу ў мітынгу у падтрымку прэзідэнта Януковіча. Людзей накіроўваюць у Кіеў на арэндаваных цягніках і аўтобусамі.
18:00 Сёння адбыўся круглы стол паміж прэзідэнтам Януковічам і прадстаўнікамі апазіцыі. Мерапрыемства не дазволілі паказаць у наўпроставым эфіры ніводнаму тэлеканалу.

Украінская апазіцыя агучыла падчас круглага стала свае патрабаванні: вызваленне і закрыццё крымінальных справаў у дачыненні ўсіх удзельнікаў акцыі пратэсту, пакаранне міністра ўнутраных спраў Віталя Захарчанкі ды астатніх праваахоўнікаў за ўжыванне сілы супраць мірных дэманстрантаў, прызначэнне датэрміновых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў.

Каб Еўрамайдан разышоўся, мітынгоўцам патрэбная гарантыя таго, што Украіна падпіша Пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам, заўважыў прадстаяцель Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт.



12.12.2013


Барыкады са снегу і лёду, трэнінг ахоўнікаў Майдану, дзясяткі аўтобусаў з прыхільнікамі: мабілізацыя пратэстоўцаў у Кіеве вачыма журналіста «Белсату».


Удзельнікі Еўрамайдану ў Кіеве хочуць стаяць яшчэ як мінімум 6 дзён, да наступных украінска-расейскіх міждзяржаўных перамоваў. Ноч на Еўрамайдане прайшла спакойна. Пратэстоўцы ўмацоўвалі барыкады.
Украінская ўрадавая дэлегацыя сёння накіравалася на перамовы па “дарожнай мапе” далейшай еўраінтэграцыі. Пазней стала вядома, што Украіна і ЕС дамовіліся весці перамовы па пагадненні аб асацыяцыі без удзелу Расеі. Пра гэта заявіў еўракамісар па палітыцы суседства Штэфан Фюле пасля сустрэчы з першым віцэ-прэм’ерам Украіны, паведамляе news.liga.net.
У сваю чаргу ў МУС Украіны не выключаюць працягу сілавога варыянту дэмантажу барыкад ў цэнтры Кіева. Усё будзе залежыць ад выканаўчай службы, ад таго ці звярнуцца яе прадстаўнікі ў міліцыю па дапамогу ў выкананні судовай пастановы.


11.12.2013


19:00

На Майдане – некалькі дзясяткаў тысяч мітынгоўцаў. Цягам дня яны чысцілі тэрыторыю лагеру ад снегу, лёду, усталёўвалі новыя намёты і будавалі новыя барыкады замест тых, якія былі знесеныя праваахоўнікамі ноччу. Майдан рыхтуецца да новых спробаў штурму – перадае з Кіеву наш карэспандэнт Алесь Баразенка. Глядзіце больш у відэаматэрыяле.

{movie}Майдан рыхтуецца да новых спробаў штурму|right|13717{/movie}

14:40 Украінская апазіцыя плануе правесці вялікую маніфестацыю ў гэтыя выходныя.

Пра гэта паведаміў журналістам у Кіеве лідар руху «Трэцяя Украінская Рэспубліка» Юрый Луцэнка, перадае «Інтерфакс-Украіна».



«У гэтыя выходныя апазіцыя рыхтуе новую грандыёзную маніфестацыю. Фактычна, гэта будзе Рубікон … Я заклікаю: кожны, хто носіць форму, мусіць да пятніцы вызначыцца, каму ён верны – украінскаму народу або жменьцы клептакратаў», – сказаў былы міністр унутраных справаў Украіны Юрый Луцэнка.



14:05 Івана-Франкоўская абласная рада выехала на Майдан у Кіеў. “Інтерфакс-Украіна” паведамляе, што па неафіцыйным дадзеным выехала 70 дэпутатаў аблрады. У сваю чаргу, па інфармацыі 7days-ua.com, Тернопальская гарадская рада адмовілася выконваць распараджэнні прэзідэнта і урада.


Таксама паведамляецца са спасылкай на выданне “Рідний Кіровоград”, што 220 байцоў кіраваградскага “Беркута” адмовіліся разганяць Еўрамайдан папярэдняй ноччу.


13:30 Кэтрын Эштан, вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у пытаннях вонкавай палітыкі і палітыкі бяспекі, мае намер яшчэ раз сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам. Пра гэта ў сераду паведаміў журналіст Мустафа Наем у эфіры Грамадскага ТБ. Цяпер Кэтрын Эштан сустракаецца з амбасадарамі краінаў Еўрапейскага Звязу ва Украіне.

12:16 Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч не хоча дыялогу з грамадскасцю Украіны, але жадае перамоваў з Расеяй. Такую заяву зрабіў экс-прэзідэнт Польшчы Александэр Квасьнеўскі ў эфіры польскага тэлеканалу TVN24.

«…Мы ўжо ведаем, чаго чакаць. Заклікі да круглых сталоў абсалютна няшчырыя, бо мы бачым міліцыю на плошчы нават у прысутнасці Кэтрын Эштан (кіраўніцы еўрапейскай дыпламатыі. – belsat.eu). Гэта яшчэ раз дэманструе той факт, што для Януковіча аргументы дыялогу і кансенсусу не маюць значэння», – заўважыў Квасьнеўскі.

12:10 Сын украінскага прэзідэнта у сваім «Фэйсбуку» піша, што Украіна не павінна ісці на павадку ў іншых дзяржаваў: «Я добра памятаю падзеі Памаранчавай рэвалюцыі, пасля якіх краіна пагрузілася ў хаос. І мне вельмі крыўдна, што сёння адбываецца тое ж самае».

«Я ўжо не раз паўтараў, што ні адна палітычная ідэя не вартая чалавечых ахвяраў. Але, на жаль, некаторыя палітычныя сілы гатовыя ісці на іх, падманваючы людзей фальшывымі лозунгамі ды незразумелымі заклікамі дзеля сваіх выгадаў», – заявіў Януковіч-малодшы.

10:58 Кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў Віталь Захарчанка заявіў, што сілавога разгону акцыяў пратэсту на Майдане незалежнасці не будзе, інфармуе прэс-служба МУС Украіны.

Паводле ўкраінскага міністра, «ужо некалькі содняў у цэнтры Кіева назіраецца транспартавы калапс. Узровень затораў на дарогах сталіцы дасягнуў максімальнага значэння – 10 балаў».

У сваю чаргу прэм’ер Мікалай Азараў просіць у ЕЗ 20 млрд еўраў. «Тыя, хто выйшаў на Майдан, патрабуюць неадкладна падпісаць Пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ, урад таксама выступае за больш хуткае падпісанне пагаднення, але мы хочам стварыць умовы, пры якіх страты для эканомікі Украіны можна мінімізаваць. Мы прапанавалі Еўракамісіі разгледзець, у якіх умовах будзе працаваць нашая прамысловасць і эканоміка цалкам. Мы прапаноўваем развязаць пытанне пра фінансавую дапамогу для Украіны. Мы вызначылі прыблізны аб’ём: — 20 млрд еўраў», – сказаў прэм’ер, адкрываючы паседжанне ўраду ў сераду.

На думку кіраўніка ўкраінскага ўраду, грошы маюць прыйсці ва ўкраінскую эканоміку ў выглядзе інвестыцыяў.

10:30 Ужывання сілы супраць мірных мітынгоўцаў ніколі не будзе. Пра гэта заявіў прэм’ер Мікалай Азараў, адкрываючы паседжанне ўраду.

«Ніякага ўжывання сілы супраць мірных мітынгоўцаў ніколі не будзе! Супакойцеся! Гаворка ідзе толькі пра расчышчэнне дарог для жыццезабеспячэння Кіева», – сказаў украінскі прэм’ер. Мікалай Азараў нагадаў, што цяпер зіма і трэба расчышчаць дарогі.



10:00 Некаторыя станцыі метро ў Кіеве зачыненыя.
ДАІ ды камунальнікі надалей перакрываюць пад’езд у цэнтр украінскай сталіцы. У забарыкадаваным будынку Кіеўскай рады, дзе яшчэ дзень таму быў наш карэспандэнт, цяпер застаюцца каля 100 чалавек. Спецназ чакае загаду штурмаваць апазіцыйны штаб. Людзі на вуліцы просяць праваахоўнікаў сысці. Прадстаўнікі апазіцыйных партыяў спрабуюць весці перамовы з байцамі падраздзялення «Беркут». Пакуль беспаспяхова.

06:00 Майдан спявае гімн Украіны. Сітуацыя пакуль без значных зменаў. Частка намётавага мястэчна знесеная. Працягваецца супрацьстаянне мітынгоўцаў і сілавікоў каля будынку Прафсаюзаў. Украінскае Радыё Свабода падае са спасылкай на МУС, што падчас спробы дэмантаваць барыкады каля КМДА, праваахоўнікаў і камунальнікаў палівалі вадой.


05:10 ДАІ блакуе цэнтр Кіева. У сваю чаргу таксісты бескаштоўна падвозяць людзей да Майдану. “5 канал” падае, што мітынгоўцаў ужо каля 15 тысяч.


У Кіеве 5 раніцы. Прадстаўніцтва ЕС ва Украіне зараз спрабуе звязацца з кампетэнтнымі і адказнымі асобамі з праваахоўных органаў, каб не дапусціць прымянення сілы, паведамляе pravda.com.ua.


04:50 Штурмуюць будынак Пафсаюзаў. Там адбываюцца сутычкі паміж пратэстоўцамі і міліцыяй. Міліцыя спрабуе адрэзаць абаронцаў будынку ад асноўнай масы пратэстоўцаў.


04:40 На Майдане працягваецца мітынг каля сцэны. Падцягваюцца новыя людзі, мітынгоўцаў робіцца больш. На Майдан прыехаў таксама Святаслаў Вакарчук. Між тым намётавае мястэчка працягваюць дэмантоўваць. На КМДА тым часам адбілі атаку правакатараў – людзі са свастыкай распылялі газ і нападалі на людзей.


04:20 Барыкада на вуліцы Інстытуцкай зруйнавана. “Беркут” і пратэстоўцы застаюцца на пазіцыях. Ёсць яшчэ барыкады з боку Бесарабскай плошчы. Паведамляецца пра дзясяткі затрыманых.


04:00 Зачыталі заяву Эштан: “Я з сумам назіраю за тым, як улада ўжывае сілу супраць мірных людзей. Дыялог заўсёды лепшы, чым прымяненне сілы”, – цытуюць на суполцы ЄвроМайдан. Там жа паведамляюць, што ў КМДА пакуль няма штурму і ёсць святло і абаграванне.



03:15 КМДА, як высвятлілася, пакуль не штурмавалі. Там забарыкадаваліся пратэстоўцы і сочаць за падзеямі на Майдане. Тым часам з боку вул. Інстытуцкай сілавікі спрабуюць прарваць абарону, распыляюць газ на пратэстоўцаў. Працягваецца дэмантаж намётавага мястэчка.


02:35 Паведамляе суполка ЄвроМайдан: “Майдан стаіць! Цяпер “Беркут” прарваў барыкаду з боку Еўрапейскай плошчы , прайшоў першы шэраг намётаў , але спыніўся недалёка ад сцэны , дзе сканцэнтравалася значная частка абаронцаў Майдана . Са сцэны людзей супакойвае Руслана. Да гэтага часу стаіць барыкада на вул. Інстытуцкай , зараз нардепы і пратэстоўцы блакуюць пад’езд да яе цяжкай тэхнікі. Барыкаду з боку Еўрапейскай плошчы разбіраюць невядомыя ў аранжавых камізэльках , па словах нардепаў – гэта цітушкі . Мяркуючы па рэакцыі сацсетак , людзі актыўна падыходзяць і едуць на Майдан Незалежнасці . Прайшло паўтары гадзіны з пачатку другога штурму мірнага Еўрамайдану”.


02:30 Камунальнікі пачалі разбіраць барыкады і намётавае мястэчка.



02:15 Дэманстранты акружаныя. Вывесці людзей няма куды.



01:40 Паведамляецца пра пачатак штурму КМДА.



01:00 Штаб нацыянальнага супраціву распаўсюдзіў інфармацыю аб запланаванай на 1:00 ночы спецаперацыі па зачыстцы Майдана падраздзяленнямі ўнутраных войскаў і “Беркута”. Адпаведную заяву распаўсюдзіла прэс-служба “Бацькаўшчына”. Паведамляе суполка ЄвроМайдан. Там жа паведамляецца пра зачыстку на вуліцы Інстытуцкай. Падобна, што сілавікі сапраўды пачалі наступленне на Майдан.
10.12.2013

20:00 Коўзанкаю па Еўрамайдане

Кіеўская гарадская адміністрацыя пастанавіла заліць на галоўнай плошчы гораду коўзанку. Рашэнне прынялі яшчэ ў кастрычніку, але яно набыло юрыдычную моц толькі сёння.

19:35 Экс-прэзідэнты Украіны Леанід Краўчук і Леанід Кучма намякнулі Віктару Януковічу, што выхадам з палітычнага крызісу можа стаць адстаўка прэм’ера. Намёк прагучаў падчас сустрэчы траіх былых прэзідэнтаў: Краўчука, Кучмы і Віктара Юшчанкі з дзейным кіраўніком краіны.

Першы прэзідэнт Украіны таксама прапанаваў Віктару Януковічу падпісваць Пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ па частках. Пасля падпісання дамовы ва Украіну маглі б прыйсці інвестары, а гэта, адпаведна, магло б развязаць эканамічныя праблемы краіны. Менавіта пытанні эканомікі Януковіч называў як аргумент на карысць непадпісання пагаднення.

У круглым стале з удзелам прэзідэнтаў апазіцыя не ўдзельнічала. Адзін з лідараў украінскіх апазіцыянераў назваў гэтую сустрэчу «зрэжысураванаю».

17:50 Што адбываецца на Майдане? Інафграфіка ад www.news.liga.net КЛІКАЦЬ СЮДЫ

Урад народнага супраціву, які месціцца ў будынку Дому прафсаюзаў, атрымаў рашэнне суда аб прымусовым высяленні з будынку.

Акцыі пратэсту ў Кіеве працягваюцца. Апазіцыя заклікае Майдан не разыходзіца і запрашае актывістаў з рэгіёнаў далучыцца.

(Нiжэй падборка прамых відэатрансляцыяў з пратэстаў у Кіеве)
Кіеўская гарадская дзяржадміністрацыя распарадзілася ад 15 снежня ўсталяваць на Майдане Незалежнасці каток і звярнулася па дапамогу ў гэтай справе да МУС, паведамляе Інтерфакс-Україна.
Сёння ж так званыя “цітушкі” зладзілі блаканне Прадстаўніцтва ЕС ва Украіне. (гл. фота вышэй)
Тым часам у Кіеве пачалася сустрэча Віктара Януковіча і трох папярэдніх прэзідэнтаў, якая павінна стаць першым крокам да пашыранага “круглага стала”.
Уначы пратэстоўцаў выцеснілі з урадавага кварталу. Пацярпелыя ёсць як сярод мітынгоўцаў, так і сярод праваахоўнікаў
09.12.2013
24:00 Пачынаецца хіба самая неспакойная ноч на Еўрамайдане, які зараз апынуўся ў аблозе сілавікоў. Нагадаем, раней заяўлялася, што ўнутраныя войскі не будуць зачышчаць Майдан. У сваю чаргу Віктар Януковіч пагадзіўся на круглы стол з апанентамі.
На арганізатарскай фб-суполцы ЄвроМайдан увесь час абнаўляецца інфармацыя, што да сітуацыі ў месцах пратэсту.
19:15 «Беркутаўцы» ліквідуюць некаторыя блокпасты мітынгоўцаў ва ўрадавым квартале. Сілавікі дазволілі мітынгоўцам выбрацца за межы блокпастоў і пачалі разбіраць барыкады ды ўмацаванні. Байцы ўнутраных войскаў адціснулі пратэстоўцаў ад будынку Кабінета міністраў.



18:00 Офіс партыі «Бацькаўшчына» на Тураўскай штурмуюць. Выбілі вокны, дзверы. Інфармацыя ад прэс-службы партыі. Сілавікі захапілі ў Кіеве будынак, дзе месціліся рэдакцыі некаторых апазіцыйных медыяў.

17:00 Байцы «Беркуту» прарвалі ачапленне каля будынку Дому афіцэраў. Інфармацыю перадаў праз тэлефон карэспандэнт сайту «Lb.ua» Максім Левін.

Амерыканскі актор Джорж Клуні звярнуўся да ўкраінскіх пратэстоўцаў.

{movie}Джордж Клуні салідарны з украінскімі пратэстоўцамі |right|13679{/movie}

15:40 Унутраныя войскі не будуць зачышчаць акцыю пратэсту на Майдане. Пра гэта паведаміў журналістам першы намеснік начальніка штабу Унутраных войскаў Аляксандр Алешчанка.

Байцы ўнутраных войскаў скідалі з трасы машыны, якія блакавалі рух іх аўтобусаў, якія ехалі ў Кіеў, падае gazeta.ua

14:00 Сітуацыя ў сталіцы Украіны напаляецца. Сотні працаўнікоў сілавых структураў, у тым ліку і спецназаўцы з Васількова, атачылі заблакаваныя пратэстоўцамі будынак кіеўскай мэрыі. Майдан ў ачапленні, пішуць у Фэйсбуку украінскія журналісты. На месца падзеяў прыбылі дыпламаты і дэпутаты. У мэрыі аддаюць загады адбіраць зброю ў спецназу. Украінская апазіцыя кажа пра магчымы штурм. Адзін з праціўнікаў дзейснай улады Арсеній Яцэнюк просіць прапускаць людзей на Майдан. «Мы акружылі іх, яны акружылі нас», – сказаў палітык.

Другі апазіцыйны лідар Алег Цягнібок просіць мітынгоўцаў не панікаваць. Паводле яго, падцягнутых у сталіцу сілаў міліцыі будзе недастаткова для разгону Майдану.

«Я б не панікаваў. Толькі я прайшоў усе блок-пасты, усё надзейна заблакаванае. Такою колькасцю міліцыі яны нічога не зробяць». – Сказаў Цягнібок.

А 10:20 з’явілася інфармацыя, што байцы спецназу “Тыгр” прарвалі блакаду пратэстоўцаў у Васількове ды рушылі на Кіеў.
Пашыраны Еўрамайдан выстаяў ноч, людзі дабудоўвалі новыя барыкады.
Тым часам прыхільнікі Еўрамайдану спрачаюцца на тэму зруйнавання помніка Леніну. Вось прыклад дыскусіі.
08.12.2013
Позна ўвечары на суполцы ЄвроМайдан з’явілася інфармацыя: “Каля метро Арсенальная знаходзяцца цітушкі, колькасць якіх павялічваецца. Просім свабодныя ад дзяжурства групы аховы Еўрамайдану і ўсіх неабыякавых зрэагаваць, каб не было правакацый і канфліктаў”. Таксама паведамляецца, што з заблакаванай пратэстоўцамі вайсковай часткі ў Васількове рыхтуюцца выязджаць аўтобусы са спецназам.
У Кіеве знеслі помнік Леніну і заблакавалі «ўрадавы квартал». Акцыя са знішчэннем помніка Леніну выклікала неадназначную рэакцыю нават у прыхільнікаў Еўрамайдану. У сваю чаргу ўпраўленне МУС Украіны паведамляе, што дзеянні ўдзельнікаў прастэстаў у Кіеве, якія блакуюць рух ў цэнтральнай частцы Кіева, могуць прывесці да крымінальнай адказнасці.
Напярэдадні «Маршу мільёнаў» украінская апазіцыя ўзгадніла асноўныя патрабаванні да ўлады. Ключавыя пункты – гэта вызваленне палітвязняў, адстаўка ўраду, датэрміновыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, падпісанне дамовы аб асацыяцыі з Еўразвязам. Падрабязней пра патрабаванні ўкраінскай апазіцыі тут.
На сённяшняй акцыі сабраліся ад 300 да 500 тыс. асобаў, падалі ў прэс-цэнтры Еўрамайдану. Серыя публікацый “Майдан у асобах” – раім!
8 снежня Майдан выглядаў вось так.
Фота: twitter @inspiredua
07.12.2013
На заўтра пратэстоўцы плануюць вялікую акцыю з мільёнам удзельнікаў, сёння ў Кіеве йшла агітацыя. Увечары на старонцы партыі “Бацькаўшчына” з’явілася інфармацыя пра намер уладаў выкарыстаць каля тысячы “цітушак” для правакацыі боек на Майдане, у выніку якіх плануецца ўвесці надзвычайнае становішча.

Сёння ўкраінскія біятланісткі атрымалі “золата” на этапе Кубка свету па біятлоне ў Хохфільцэне (Аўстрыя). Падчас узнагароджання яны крычалі “За Майдан!”, а іх прыхільнікі адгукаліся “Малайцы!” і “Слава Украіне!”, паведамляе 24tv.ua. Дзяўчаты трымалі вялікі сцяг з надпісам “Разам да перамогі!”. (гл. фота вышэй)

Крэмль абвяргае інфармацыю пра дамоўленасць паміж Уладзімірам Пуціным і Віктарам Януковічам аб далучэнні Украіны да Мытнага звязу (падрабязнасці гл. ніжэй, у хроніцы за 6 снежня). «Интерфакс» цытуе прэс-сакратара расейскага прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова: «Пытанне аб магчымасці далучэння Украіны да Мытнага звяза на сустрэчы ў Сочы не абмяркоўвалася».

Сілавікі захапілі тэлецэнтр у Кіеве, перадаў уначы ўкраінскі тэлеканал навінаў «24». Інфармацыя паступіла ад журналіста радыё «Ера», які знаходзіўся ўнутры. Паводле яго, на тэрыторыі тэлецэнтру стаялі тры машыны і аўтобус з міліцыянтамі, а таксама два аўтобусы і адзін мікрааўтобус з байцамі спецпадраздзялення «Беркут». Тэлеканал «24» паведамляе, што вежу захапілі дзеля правядзення ў суботу тэлемарафону.



06.12.2013
23:00 На pravda.com.ua з’явілася неафіцыйная інфармацыя, што прэзідэнт Віктар Януковіч у пятніцу падпісаў стратэгічнае пагадненне з Расеяй, якая ўключае ў сябе абавязальніцтвы аб далучэнні да Мытнага саюза. Пра гэта, паводле pravda.com.ua, паведаміў рэдактар ​​The Economist Эдвард Лукас, спасылаючыся на ўласныя крыніцы. У сувязі з гэтай інфармацыяй, пратэстоўцы апасаюцца сілавога сцэнару сёння ўначы.
Аўтобус з беларусамі, які ехаў з Менска падтрымаць Еўрамайдан, спынілі ў Мар’інай Горцы супрацоўнікі ДАІ, КДБ і транспартнай міліцыі. Пасажыры адмовіліся ехаць у РУУС, і праз поле пайшлі на бліжэйшую АЗС, паведамляе “Наша Ніва”.





Чытаць цалкамhttp://nn.by/?c=ar&i=119023

Тым часам ад 7 снежня мае распачацца “Євромайдан Університет” у Кастрычніцкім палацы непадалёк Майдану Незалежнасці. “Для тых, хто адчувае смагу да ведаў і жаданне да зменаў. Ідэямі і досведам падзеляцца вядомыя мастакі, навукоўцы, практыкі бізнесу. Учыні рэвалюцыю ва ўласнай свядомасці!”, – заклікаюць арганізатары.
17:00 У горадзе Сочы сустрэліся Януковіч і Пуцін ды абмеркавалі падрыхтоўку будучай Дамовы аб стратэгічным партнёрстве.
Пад Генпракуратурай зарганізаваны ляжачы пратэст: “Пераступілі закон – пераступайце і нас!” (гл. фота вышэй). Таксама зарганізаваны пікет офіса самага багатага чалавека Украіны Рыната Ахметава. А на Міжгор’е, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта Віктара Януковіча, рушыла калона аўтамабіляў. Як з гумарам паведаміла журналістка Таццяна Чарнавіл ў эфіры hromadke.tv, гэта будзе “паломніцтва”: паедуць спраўдзіць, наколькі магчыма пакланяцца святым месцам. Студэнты ў сваю чаргу пікетавалі Кіеўскі нацыянальны лінгвістычны універсітэт.
Вайсковую частку ў Васількове, што непадалёк Кіеву, блакуюць каля 200 чалавек, многія з іх на аўтамабілях.
Па інфармацыі суполкі ЄвроМайдан, у начы на тэрыторыю лагеру на Майдане спрабавалі прайсці невядомыя двое мужчын. Нешта прыцягнула ўвагу ў іх паводзінах, пачаўся канфлікт з аховай перыметра. Мужчын скруцілі і знайшла ў іх зброю – два пісталета.
05.12.2013
11:00 Па інфармацыі Укрінформ пратэстоўцы на працягу 5 дзён павінны разблакаваць працу ўсіх адміністрацыйных будынкаў у цэнтры Кіева. Такое рашэнне суда зачытаў судовы выканаўца каля Кабінета Міністраў.
09:00 Калона мітынгоўцаў з Майдана Незалежнасці рушыла на блакаванне Адміністрацыі Прэзідэнта на вуліцы Банкавай. Таксама працягваецца пікет Генпракуратуры.

Прадстаўнікі выканаўчай службы зачыталі пратэстоўцам рашэнне суду аб забароне блакаваць працу ўладаў.

Апазіцыя заяўляе, што блакаванне будынкаў ураду – гэта “блакаванне злачынных дзеянняў украінскага кіраўніцтва”, і просіць тых, хто выйшаў на вуліцы Кіева ды іншых гарадоў Украіны, не здавацца – нягледзячы на холад і стомленасць.

Сёння ў Кіеве адбываецца саміт міністраў замежных спраў краін-сябраў АБСЕ.
04.12.2013

20:00 Тры прэзідэнты Украіны – Леанід Краўчук (1991–1994), Леанід Кучма (1994–2005) і Віктар Юшчанка (2005–2010) выказалі сваю салідарнасць з удзельнікамі Еўрамайдану. «Мы выказваем сваю салідарнасць з мірнымі дзеяннямі сотняў тысяч маладых украінцаў. Іхныя дзеянні былі выкліканыя рэзкаю зменаю еўрапейскага курсу, яны – сведчанне грамадзянскай сталасці, мужнасці, дэмакратызму ўкраінцаў і веры ў іхную здольнасць змяніць сваё жыццё і жыццё краіны», – гаворыцца ў супольным звароце траіх экс-прэзідэнтаў Украіны.

17:00 Зараз тысячы асобаў ідуць да будынку генеральнай пракуратуры. Апазіцыя заяўляе, што ўлада рыхтуецца «падкінуць трупы» на Майдан. Цягам дня ў Кіеве ля будынкаў дзяржустаноў прайшлі дзесяткі пікетаў. Тым часам кіеўскі суд даў 2 месяцы арышту «завадатарам» нядзельных беспарадкаў.
Александэр Квасьнеўскі. Экс-прэзідэнт Польшчы лічыць, што лёс украінскай рэвалюцыі вырашыцца ў найбліжэйшыя 48 гадзінаў


Паводле яго, пад ціскам масавых пратэстаў можна дамагчыся адстаўкі аднаго з міністраў ці нават прэм’ер-міністра. Але калі вулічныя акцыі пачнуць слабець, то ўлады выкарыстаюць сілу, каб узяць сітуацыю пад кантроль.

У сваю чаргу былы палітвязень і экс-міністр унутраных справаў Юрый Луцэнка просіць Еўропу накіраваць ва Украіну перагаворшчыкаў, якія мусяць стаць пасярэднікамі паміж украінскаю ўладаю і апазіцыяй, каб выключыць сілавы варыянт развязання падзеяў і пазбегнуць міжнароднай ізаляцыі краіны.

Такое меркаванне ў сераду выказаў экс-міністр унутраных справаў Юрый Луцэнка на прэс-канферэнцыі ў Кіеве. Паводле яго, цяпер ва Украіне «вельмі пахне» сілавым сцэнарам, які прынясе карысць толькі Крамлю. «Сёння вельмі зручны час для крывавай развязкі ў інтарэсах Крамля. Яшчэ адна кроў на Майдане, не дай Бог, труп на Майдане – азначае, што Януковіч стане ізгоем у Еўропе і аўтаматычна – рабом Крамля», – патлумачыў Луцэнка.

13:00 Падтрымаць украінскага прэзідэнта да Вярхоўнай Рады ў Кіеве прыйшлі каля 500 чалавек. Міліцыя перакрыла падыходы да месца правядзення праўладнага мітынгу.

11:00 Прэм’ер Мікалай Азараў зноў папярэджвае аб крымінальнай адказнасці за блакаванне працы дзяржаўных устаноў як звычайных людзей так і палітыкаў. Пра гэта ён заявіў, адкрываючы пасяджэнне Кабінета міністраў.
09:00 Паводле pravda.com.ua цэнтральны ўваход у будынак ўкраінскага ўрада з боку вуліцы Грушэўскага з раніцы заблакавалі каля 200 пратэстуючых. Разам з тым пратэстоўцы не перакрылі ўваход у Кабмін з боку вуліцы Садовай, паколькі падыходы да яго заблакаваныя міліцэйскімі аўтобусамі і шэрагам служачых унутраных войскаў МУС. На 07:40 пад Кабмінам застаецца каля 300 пратэстуючых. Аўтобусы з міліцыяй пастаянна прыбываюць.
03.12.2013
17:00 Пад адміністрацыяй прэзідэнта апазіцыянеры расстаўляюць блокпасты на ўсіх выездах і патрабуюць ад Віктара Януковіча адстаўкі ўрада.
15:00 Вярхоўная Рада не падтрымала праекту адстаўкі кіраўніка ўкраінскага ўраду. Згодна з інфармацыяй pravda.com.ua апазіцыя заклікае мітынгоўцаў ісці ў адміністрацыю прэзідэнта і патрабаваць падпісаць указ аб адстаўцы ўрада. Прэзідэнт тым часам пакінуў краіну і накіраваўся з візітам у Кітай.
10:00 Сёння чакаецца жорсткае супрацьстаянне на пленарным пасяджэнні Вярхоўнай Рады Украіны, апазіцыя будзе патрабаваць разгляду пытання аб становішчы ў краіне, а таксама галасавання па праекце рэзалюцыі аб недаверы кабінету міністраў на чале з Мікалаем Азаравым. Пратэстоўцы пікетуюць Вярхоўную Раду. Беркут і ўнутраныя войскі ўзялі будынак у кола ў тры шэрагі. Аўтобусы з чорна-белымі нумарамі спрабавалі перакрыць дарогу калоне людзей. Пра гэта паведамляецца ў фб-суполцы ЄвроМайдан.

ОН-ЛАЙН трансляцыя з паседжанняў Вярхоўнай Рады Украіны (для прагляду будзе патрэбна інсталяцыя Torrent Stream)

02.12.2013

Прэм’ер Азараў заявіў, што акцыі пратэсту сталі некантраляванымі ды што ўрад мае інфармацыю аб рыхтаванні да захопу парламенту. А пратэўстоўцы ўзялі дый знялі пікетаванне Кабінета міністраў. Заўтра раніцай плануюць працягваць.
З’явілася інфармацыя, што для забеспячэння грамадскага парадку ў Кіеве, будуць прыцягнутыя дадатковыя сілы з унутраных войскаў. Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на прэс-службу ўнутраных войскаў МУС Украіны.
2 снежня пратэстоўцы заблакавалі будынак украінскага ўраду. Людзей просяць пазбягаць правакацыяў.

Стужка навінаў