«Поле цудаў» застаецца


Адміністрацыя заявіла пра закрыццё рынку, аднак пасля хвалі абурэння ў медыях за гандляроў заступіўся… Менгарвыканкам.

{movie}«ПОЛЕ ЦУДАЎ» ЗАСТАЕЦЦА|right|13558{/movie}

Паводле зместу, гэта самы звычайны блышыны рынак, а вось паводле народнае назвы – «Поле цудаў». Яшчэ напярэдадні адміністрацыя гандлёвага дому «Ждановічы» заявіла пра зачыненне рынку, дзе гандлююць у асноўным ужыванымі таварамі. Але з гэтым не пагадзіліся ў Менгарвыканкаме. Гандляроў гэткая хада падзеяў задавальняе.

ГАНДЛЯРКА НА РЫНКУ:
«Гэты рынак працуе недзе з 1990 года. І ён выгадны і для бедных, і для багатых. Я не скажу, што тут ходзяць толькі бедныя. Тут і багатыя таксама наведваюцца. Ходзяць і замежнікі, якія прыязджаюць у нашую краіну і наведваюць наш рынак разам з перакладчыкамі. Я не думаю, што варта яго зачыняць».

Тым не менш да гэтага часу на інтэрнэт-старонцы «Ждановічаў» паведамляюць, што з другога снежня дзейнасць рынку «Поле цудаў» спыняць на нявызначаны тэрмін. Прадстаўнікі адміністрацыі не раз звярталі ўвагу ў медыях, што гандляры парушаюць шмат якія правілы гандлю. Таму ім і прапанавалі іншыя месцы на рынку. Гэтая інфармацыя выклікала нечуваны рэзананс. І напярэдадні ў справу ўмяшаўся ўжо Менгарвыканкам, які прыняў пастанову, адваротную рашэнню адміністрацыі рынку.

ГАНДЛЯР НА РЫНКУ:
«Пакідаюць нас на гэтым жа месцы. З другога да дзясятага снежня тут будзе рэканструкцыя. А з 10-га мы сюды ізноў вернемся. Тут жа вельмі зручна і добра, што не трэба недзе пераязджаць».

Блышыныя рынкі ў краінах Заходняе Еўропы надзвычай папулярныя. Набыць на іх можна часта надзвычай цікавыя, рэдкія і рарытэтныя рэчы. Беларускі ж рынак «Поле цудаў» значна больш сціплы ў параўнанні з заходнееўрапейскімі. Узнік ён зусім стыхійна. Гандлююць тут выключна фізічныя асобы, а не прадпрымальнікі. Але праблемы цяпер у іх з прафесійнымі гандлярамі агульныя.

ГАНДЛЯР НА РЫНКУ:
«Апошнія недзе паўтары года вельмі кепска сталі набываць на рынках. Не ведаю, у чым прычына, імаверна, у людзей проста няма цяпер грошай. Гандлю амаль ніякага няма».

Але сапраўднаю атмасфераю блышыных рынкаў ёсць зусім не кошты і продаж, але перадусім гісторыя і ўспаміны як пакупніка, гэтак і гандляра.

Сяргей Скулавец, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў