Як разганялі Майдан. Падрабязнасці.


Заснулі ва Украіне, прачнуліся… у Беларусі. Такімі словамі падсумоўваюць мінулую ноч у Кіеве, дзе прыблізна а чацвёртай раніцы адбылася сілавая зачыстка мітынгу на Майдане незалежнасці. Паводле розных звестак, пацярпелі каля сарака асобаў, яшчэ тры дзясяткі – затрыманыя. Прыхільнікі еўраінтэграцыі аднак не здаюцца, перамясціўшы свой пратэст на Міхайлаўскую плошчу. У гэтыя хвіліны ва Украіне ўсцяж неспакойна.

{movie}Крывавы Майдан|right|13556{/movie}

Гэтыя кадры не з архіваў паслявыбарчых пратэстаў у Менску 2006 і 2010 гадоў. Гэта кіеўскі Майдан незалежнасці, чацвёртая раніцы, сёння.

Акцыю прыхільнікаў еўраінтэграцыі Украіны прыблізна тысяча байцоў спецназу «Беркут» жорстка здушылі літаральна за дзесяць хвілінаў, выкарыстоўваючы дручкі і гукашумавыя гранаты. У выніку дзясяткі мітынгоўцаў не толькі ў пастарунках, але і ў шпітАлях – з пераламанымі нагамі і рукамі ды з прабітымі галовамі.

УДЗЕЛЬНІКІ «ЕЎРАМАЙДАНУ»:
«Усіх збілі – і жанчын, і дзяцей бедных. І галовы ім папрабівалі. Там было жахлівае відовішча!».
«Адзін быў старшы іх камандзір нейкі нармальны. Крычаў ім: «Што вы робіце, хлопцы? Не гэтак жорстка!». А яны як звяры наляцелі і ўсё разнеслі!».
«Мы страчваем краіну. Януковіч намагаецца заглыбіць нас у беларускі сцэнар».

Затрыманні і праверкі дакументаў на вуліцах Кіева працягваліся ўвесь дзень. Паводле апазіцыі, унутраныя войскі МУСу Кіеўскай вобласці прыведзеныя ў поўную баяздольнасць. Між тым цэнтр пратэстаў сёння перамясціўся на Міхайлаўскую плошчу, дзе зранку за манастырскімі мурамі хаваліся ад пераследу сілавікоў дэманстранты. Уласную ж версію разгону кіеўская міліцыя агучыла толькі бліжэй абеду: хацелі дапамагчы камунальнікам усталяваць святочную ялінку.

ВОЛЬГА БІЛЫК, ПРЭС-СЛУЖБА КІЕЎСКАЙ МІЛІЦЫІ:
«Мітынгоўцы былі папярэджаныя, што іхныя дзеянні супрацьпраўныя. Пасля гэтага частка мітынгоўцаў пачала паводзіцца дастаткова агрэсіўна, кідаць у працаўнікоў міліцыі пляшкі з вадою, каменне і падпаленыя дручкі».

Сёння ж лідары ўкраінскай апазіцыі звярнуліся да кіраўніцтва краінаў Еўразвязу і ЗША з заклікам увесці санкцыі, у тым ліку персанальныя – супраць Януковіча і яго атачэння. І запатрабавалі неадкладнай адстаўкі прэзідэнта, міністра ўнутраных справаў і ўраду, а таксама правядзення датэрміновых выбараў. Усіх грамадзянаў апазіцыя заклікала да ўдзелу ў акцыях пратэсту, у тым ліку і абвешчаным на заўтра вечы ў Кіеве.

ВІТАЛЬ КЛІЧКО, ЛІДАР ПАРТЫІ «УДАР»:
«Кожны мусіць выйсці і выказаць сваю пазіцыю, у якой краіне ён хоча жыць: у таталітарнай паліцэйскай краіне, дзе вашых дзяцей будуць збіваць, ці ў свабоднай еўрапейскай краіне. Сёння прыйшоў пераломны момант».

Разгон Еўрамайдану ўжо рэзка асудзілі Еўразвяз і ЗША. Між тым на знак пратэсту супраць дзеянняў міліцыі падаў у адстаўку кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Януковіча Сяргей Лавачкін, а з шэрагаў «Партыі рэгіёнаў» выйшла народная дэпутатка Іна Багаслоўская. Сваё абурэнне брутальнасцю інцыдэнту выказаў і прэм’ер Украіны Мікалай Азараў, назваўшы ранішняе пабоішча ў цэнтры Кіева… правакацыяй супраць уладаў. Дарэчы, ані намёку на магчымасць начнога сцэнара не было і ў прамове ўкраінскага прэзідэнта напярэдадні падчас саміту «Усходняга партнёрства» ў Вільні.

ВІКТАР ЯНУКОВІЧ, ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ:
«Дзверы ў Еўрапейскі Звяз адчыненыя. І ў нас ёсць час, які мы мусім выкарыстаць для таго, каб знайсці адказ, на якіх умовах Украіна можа зрабіць гэты наступны крок».

Толькі ці не зачыняцца еўрапейскія дзверы для Януковіча пасля гэткіх крокаў?

Валеры Руселік, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў