БГК не ўдалося «ўзяць Берлін» (фотарэпартаж)


Амаль 4 тыс. заўзятараў прыйшлі паглядзець на гульню берасцейскіх гандбалістаў з аднымі з наймацнейшых гандбольных камандаў у Еўропе – «Fuchse Berlin». Аднак Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова не змог прайсці ў асноўны раунд другога паводле значнасці еўрапейскага клубнага гандбольнага турніру – Кубка ЕГФ. Каманда з берагоў Буга двойчы прагуляла нямецкім «лісам» з Берліна.

БГК на першых дзвюх стадыях турніру выбіў з барацьбы ізраільскі «Maccabi» і расейскіх «Пермских медведей». Берасцейцам заставалася зрабіць толькі крок, каб выступіць на вясновай стадыі турніру. Але беларускай камандзе ізноў забракавала ўдачы, мяшкоўцам дастаўся, мабыць, наймацнейшы супернік з тых, якія бяруць удзел у Кубку ЕГФ. У мінулым сезоне на той жа стадыі турніру берасцейцы двойчы фактычна саступілі іншаму клубу з Нямеччыны – «Göppingen». Цяпер жа беларуская каманда дала трэцяму клубу Бундэслігі (наймацнейшай на гэты момант у свеце) сапраўдны бой. Першая гульня ў Берліне скончылася перамогаю нямецкіх гандбалістаў з розніцаю два мячы – 22:20.

Гэта пакідала мяшкоўцам шанцы на перамогу паводле сумы двух матчаў – трэба было толькі ўзяць рэванш з розніцаю тры мячы ў двубоі ў адказ. Ён прайшоў у Берасці ў апошні дзень восені, у берасцейскім спартовым комплексе «Вікторыя».

PR-служба БГК хвацка падрыхтавалася да матчу, максімальна раскруціўшы цікавасць да яго: у горадзе было шмат афішаў і банераў. Арганізатары пайшлі далей, у сацыяльныя сеткі, і для прыцягнення ўвагі нават упершыню звярнуліся да беларускае мовы. І гэта спрацавала. Увечары ў палацы спорту «Вікторыя» здарыўся аншлаг – амаль 4 тыс. чалавек гандбол у Берасці не збіраў ужо даўно.

У «Вікторыі» заўзелі горача, шумна і актыўна падтрымліваючы сваю каманду. Не абышлося без дудак, трашчотак ды іншых рэчаў, якія стварылі шумавы эфект.

Стартавы адрэзак матчу БГК правёў проста фантастычна, калі вёў з лікам 4:0. Цікава, што самымі прыкметнымі на пляцоўцы ў складзе берасцейцаў былі харваты. Галкіпер Іван Пэшыч выдатна гуляў у браме. Па мячы закінулі капітан БГК Люба Вукіч і ягоныя землякі Домагай Сыршэн і Робэрт Маркаціч.

Упершыню трыбуны заціхлі, калі на шостай хвіліне ў «Берліна» атрымалася першае ўзяцце брамы БГК. Але паступова перавага мяшкоўцаў стала раставаць, больш за тое, госці перамаглі першы тайм – 12:11. Пасля перапынку берасцейцы некалькі разоў раўнялі лік, але тым не менш не змаглі дамагчыся патрэбнага выніку. Лік гульні – 21:20 на карысць нямецкага клубу.

Не гледзячы на паразу, берасцейская публіка праводзіла каманду ў апранальню авацыямі. А пасля гульні ў холе арэны адбылася аўтограф-сесія гульцоў БГК – Віталя Чарапенькі, Робэрта Маркаціча, Юрыя Татарына і Вячаслава Шумака.

У гульнях Кубка ЕГФ не засталося беларускіх камандаў. Да БГК выбыў мінскі СКА, які саступіў «Arendal’у» з Нарвегіі.

«Вялізны «рэспэкт» выказваю камандзе суперніка – яны змагаліся напоўніцу і зала ім дапамагала, – зазначыў расейскі легіянер «Берліна» Канстанцін Ігропула. – Атрымаліся дзве вельмі цікавыя няпростыя для нас гульні, пра гэта кажа мінімальны разрыў у ліку ў абодвух матчах».

«Змагаліся да канца – зрабілі ўсё, што змаглі, але, на жаль, не атрымалася перамагчы, аб прычынах пакуль казаць не магу, – распавёў пасля гульні Максім Баранаў з БГК. – Але ўпершыню з таго часу, як гуляю ў Берасці на гульню прыйшло столькі заўзятараў. У такой атмасферы гуляць было вельмі прыемна».

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонова (фота)
belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары