Што прынёс саміт «Усходняга партнёрства»?


Кіраўнікі 28 краінаў Еўразвязу і прадстаўнікі Арменіі, Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны 2 дні абмяркоўвалі ў Вільні магчымасці супрацы і далейшай інтэграцыі. Як на саміце прэзентавалі Беларусь і да якіх высноваў прыйшлі лідары еўрапейскага кантыненту адносна нашай краіны?

Грамадзянская супольнасць – пра правы чалавека, міністр – пра лічбавыя тэхналогіі

За дзень да саміту «Усходняга партнёрства» ў Вільні распачаўся форум грамадзянскай супольнасці, які ішоў паралельна з самітам да 29 лістапада. На ім, сярод іншага, абмяркоўваліся пытанні правоў чалавека ў Беларусі. Ад беларускага боку выступалі Алег Гулак з «Беларускага хельсінскага камітэту» і Таццяна Равяка з праваабарончага цэнтру «Вясна». На форуме прагучала, што поўнамаштабны ўдзел Беларусі ва «Усходнім партнёрстве» абцяжарваецца існаваннем палітычных зняволеных, адсутнасцю дэмакратычных рэформаў і адыходам ад агульначалавечых каштоўнасцяў. Улады краіны маюць да «Усходняга партнёрства» больш прагматычны падыход, засяродзіўшыся на эканоміцы, а не на годнасці і правах чалавека.

28 лістапада саміту папярэднічаў бізнес-форум «Усходняга партнёрства», які, паводле галавы беларускай дэлегацыі ў Вільні, міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, зыніцыявала менавіта Беларусь. У бізнес-форуме ўзяў ўдзел яшчэ адзін прадстаўнік беларускага ўраду, міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, які прасоўваў супрацу Беларусі ды Еўразвязу ў сферы сучасных лічбавых тэхналогіяў.

«Bў-ROOM» – самае беларускае месца падчас саміту

Напярэдадні саміту ў Вільні адкрыўся адмысловы «беларускі пакой» – «Bў-ROOM», пад дахам якога прэзентавалася дзейнасць ледзь не паловы беларускіх арганізацыяў з пазадзяржаўнага сектару. Свой стэнд у «Bў-ROOMе» меў і тэлеканал «Белсат». «Bў-ROOM» стаўся, бадай што самаю беларускаю падзеяй падчас саміту «Усходняга партнёрства» ў Вільні. Меркавалася, што туды завітае камісар ў пытаннях еўраінтэграцыі Штэфан Фюле, але праз занятасць ён так і не трапіў у «беларускі пакой», які, аднак, наведала шмат іншых замежных гасцей.

У цэнтры – Украіна, а Малдова з Грузіяй шчыльней у Еўропу

Галоўным пытаннем на саміце «Усходянга партнёрства» сталася супраца з Украінаю. І хоць украінскі ўрад за тыдзень да спаткання ў літойскай сталіцы абвесціў аб прыпыненні еўраінтэграцыі, Еўразвяз да апошняга моманту спадзяваўся, што Украіна можа падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ. Рыторыка ўкраінскага прэзідэнта, аднак, была зусім іншая. Ён аддаваў перавагу гаварыць пра набалелае – эканамічныя праблемы ды іх развязанне, а зусім не пра дамову з ЕЗ.

Толькі Малдова і Грузія пацвердзілі ў Вільні свае праеўрапейскія памкненні, падпісаўшы канчатковую дамоўленасць аб асацыяцыі з ЕЗ.
Грузія да таго ж дамовілася з ЕЗ аб ільготным 30-гадовым крэдыце, які скіруе на будаўніцтва дарог. Малдова падпісала ў Вільні дэкларацыі пра адмену для яе жыхароў візавага рэжыму з краінамі Шэнгенскай зоны.

Беларусь спросціць візавы рэжым з ЕЗ?

На пытанне «Белсату», чаго Беларусь чакае ад саміту, Уладзімір Макей адказаў адным словам: «Пазітыву».

У Вільні Макей, аднак, агучыў, што Беларусь не супраць пачаць перамовы з Еўразвязам аб спрашчэнні візавага рэжыму, прычым гэты клопат міністр прыпісаў Лукашэнку. «Гэта рашэнне прэзідэнта нашай краіны, і яшчэ раз, я ўжо гаварыў пра гэта: ён зыходзіў пры гэтым з таго, што будзе выгодна для канкрэтнага, простага чалавека – для нашых людзей. Як доўга працягнецца гэты працэс – я не ведаю. Вядома, могуць з’явіцца нейкія праблемы, але мы настроеныя на тое, каб канструктыўна развязваць гэтыя праблемы».

Адзін з лідараў БХД Павал Севярынец лічыць, што «рэжым баіцца адчыняць Беларусь, таму заява Макея можа быць проста чарговаю гучнаю заяваю».

Еўрапейскі вектар Беларусі

Макей заявіў таксама журналістам, што Еўразвяз – другі пасля Расеі гандлёва-эканамічны партнёр для Беларусі. «Мы маем намер працаваць вельмі шчыльна ў розных кірунках і розных галінах, у першую чаргу, у гандлёва-эканамічнай», – сказаў ён.

Паводле Макея, ніхто не застрахаваны ад таго, што ў наступным сітуацыя ў стасунках з ЕЗ можа змяніцца. «Хтосьці хоча ў канчатковым выніку стаць сябрам ЕЗ, хтосьці хоча мець вельмі цесныя адносіны з ЕЗ. Мы хочам мець нармальныя палітычныя і гандлёва-эканамічныя стасункі з ЕЗ. Я не выключаю, што ў наступным можа ісці размова пра нейкія больш цесныя адносіны з ЕЗ».

А што з палітвязнямі?

Еўрапейскія палітыкі адзначалі, што давалі зразумець галаве беларускай дэлегацыі: размова аб супрацы можа весціся толькі тады, калі ў Беларусі не будзе палітвязняў. Макей адмоўчваўся перад палітыкамі. Журналістаў жа здзіўляў узаемывыключальнымі выказваннямі, раз сказаўшы, што палітзняволеных у Беларусі няма, а потым дадаўшы: «Наконт вызвалення палітзняволеных – гэта пытанне не да Міністэрства замежных справаў, а да тых структураў, якія прымалі адпаведнае рашэнне. У нас суды незалежныя, таму звяртайцеся да іх. Але я ўпэўнены, калі б гэтыя зняволеныя напісалі прашэнне аб памілаванні, то гэта прашэнне разгледзелі б і, магчыма, прынялі б станоўчае рашэнне».

Выніковая дэкларацыя саміту пра Беларусь

У супольнай дэкларацыі, якую Еўразвяз прыняў з краінамі «Усходняга партнёрства», толькі некалькі момантаў датычаць беспасярэдне Беларусі.

Удзельнікі саміту «з нецярплівасцю чакаюць пачатку перамоваў наконт пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з Беларуссю», напісана ў дэкларацыі.

Па-другое, у дэкларацыі ўказалі важны ўнёсак Беларусі ў энергетычную бяспеку Еўропы праз забеспячэнне транзіту энергарэсурсаў. Удзельнікі саміту «падтрымліваюць далейшы дыялог, заснаваны на дэкларацыі Еўрапейскай камісіі ды ўраду Беларусі аб супрацы ў сферы энергетыкі 2009 года».

Па-трэцяе, удзельнікі Віленскага саміту адзначылі ўзмацненне двухбаковых галіновых дыялогаў паміж ЕЗ і Беларуссю ў такіх пытаннях, як эканамічная і фінансавая супраца, адукацыя і ахова навакольнага асяроддзя. Актывісты-эколагі як з Беларусі, гэтак і з Еўразвязу не згаджаюцца з гэтым ды лічаць, што ўвага Еўразвязу да будаўніцтва ў Беларусі АЭС зусім недастатковая.

Удзельнікі саміту таксама адзначылі, што ЕЗ па-ранейшаму бярэ удзел у еўрапейскім дыялогу мадэрнізацыі з беларускім грамадствам. Абмен думкамі адбываецца таксама паміж ЕЗ і ўрадам Беларусі для вызначэння «найлепшай будучай формы супрацы ў пытаннях мадэрнізацыі».

Удзельнікі «Усходняга партнёрства», у тым ліку Беларусь, як вынікае з дэкларацыі, абавязаліся прадпрымаць крокі для ўмацавання дэмакратыі, павагі правоў чалавека і вяршэнства закона, у тым ліку праз правядзенне рэформаў юрыдычнай сістэмы. Беларусь на саміце не прыняла ніводнай канкрэтнай пастановы.

«Еўрапейцы не збіраюцца здаваць Беларусі»

У апошні дзень саміту прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце сустрэлася «за зачыненымі дзвярыма» з беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі ды прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Слова мелі адзін з лідараў хрысціянскіх дэмакратаў Павал Севярынец, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук. «Спадарныя Грыбаўскайце дала нам зразумець, што еўрапейцы і ў справе нашай краіны стаяць на сваіх пазіцыях. Еўрапейцы не збіраюцца здаваць Беларусі», – падзяліўся з «Белсатам» Павал Севярынец.

Галоўны ж пасыл саміту для беларусаў, паводле Севярынца: «Дарагія сябры, аб’ядноўвайцеся!». Беларускае пытанне не вырашыцца ані ў Бруселі, ані ў Маскве, дзеля гэта беларускія палітыкі мусяць аб’яднацца, мяркуе адзін з лідараў хрысціянскіх дэмакратаў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары