«Белсат» у віленскім «Bў-ROOMе»


Незалежны тэлеканал «Белсат» у межах віленскай сустрэчы «Усходняга партнёрства» браў удзел у выставе, прысвечанай дзейнасці грамадскіх ініцыятываў з Беларусі – «Bў-ROOM». Імпрэза, якая праходзіла ў гатэлі «Наватэл» на вуліцы Гедымінаса, была шматпланавая і разнастайная. Паралельна праходзілі выступы экспертных груп у розных кірунках дзейнасці грамадскай супольнасці, кінапаказы дакументальных стужак і вельмі цікавыя стэндавыя прэзентацыі вынікаў працы беларусаў у недзяржаўным сектары.



«Белсат» паказаў на сустрэчы два свае, ужо вядомыя шырокай публіцы, дакументальныя фільмы – «Страх у краіне спакою» і «Даволі! – Да волі!». Гэтыя фільмы атрымалі высокую ацэнку гледачоў. Асабліваю папулярнасцю сярод наведнікаў белсатаўскага стэнду карысталіся моцныя і надзейныя торбы з лагатыпам каналу, зробленыя ў джынсавым стылі. Дыскі з дакументальнымі фільмамі «Белсату» таксама нядоўга ляжалі на стале – наведнікі разабралі іх вельмі хутка і прасілі яшчэ.

Не абышлося і без кур’ёзаў – адна з літоўскіх наведніцаў выставы, падышоўшы да нашага стэнду, выбрала сабе дыск з фільмам «Права на смерць», прысвечаны змагарам за правы жывёлінаў – і сказала пры гэтым: «Я вазьму гэты фільм, бо я таксама за тое, каб у Літве вярнулі смяротнае пакаранне!»

Агульны настрой «Bў-ROOMу» быў вельмі пазітыўны. Усе чакалі прыезду камісара ў пытаннях еўраінтэграцыі Штэфана Фюле, але нават, калі даведаліся, што ён не паспее (бо мае дзве іншыя сустрэчы) настрой не сапсаваўся. І грамадская кампанія «Будзьма», і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, і «Еўрарадыё», і «Белсат» – усе цешыліся з магчымасці паказаць сваю дзейнасць міжнародным наведнікам. Адзінае, з чым можна было паспрачацца, – гэта фраза, якую арганізатары «Bў-ROOMу» абралі яго дэвізам: «Уся Беларусь у адным пакоі». Можа, усё ж такі не ўся – кірункаў дзейнасці арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, на шчасце, у нашай краіне нашмат болей. І, каб прэзентаваць іх усе, спатрэбіўся б як мінімум «Bў-стадыён».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў