Павал Севярынец: Еўрапейцы не збіраюцца «здаваць Беларусі»


У Вільні прэзідэнт Літвы сустрэлася «за зачыненымі дзвярыма» з беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі ды прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Па выніках сустрэчы сузаснавальнік БХД Павал Севярынец упэўнены: «еўрапейцы «не здадуць» Беларусі».

– У якой атмасферы прайшла сустрэча са спадарыняй Грыбаўскайце?

– Размова не была ўрачыстая, медыі прысутнічалі толькі на самым пачатку. Калі журналісты выйшлі, мы пачалі размаўляць на канкрэтныя тэмы, прагучалі канкрэтныя прапановы.

Грыбаўскайце дала нам зразумець, што еўрапейцы і ў справе нашай краіны стаяць на сваіх пазіцыях. Еўрапейцы не збіраюцца здаваць Беларусі.

Спадарыня Грыбаўскайце дасканала ведае сітуацыю ў кожнай краіне, якая бярэ ўдзел у еўрапейскай ініцыятыве «Усходняга партнёрства». У мяне склалася ўражанне, што еўрапейцы ведаюць, як працаваць у межах гэтае ініцыятывы. Расея вядзе сур’ёзную гульню, што з’яўляецца праблемаю для кожнай краіны – і сёння гэта разумеюць у Еўропе. Гэта не столькі літоўская, колькі еўрапейская пазіцыя. Мы таксама задавалі пытанні і рабілі прапановы. Спадарныя Грыбаўскайце дала нам зразумець, што еўрапейцы і ў справе нашай краіны стаяць на сваіх пазіцыях. Еўрапейцы не збіраюцца здаваць Беларусі. Тая ж Літва падтрымлівае беларускую супольнасць. Напрыклад, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні. Таксама літоўцаў турбуе і размяшчэнне расейскіх авіябазаў на мяжы з іхнаю краінаю, а таксама будоўля атамнай электрастанцыі. Гэта не застаецца па-за ўвагаю нашай суседкі ды іншых еўрапейскіх краінаў. Аднак на саміце галоўнаю тэмаю была Украіна.

– Ці падчас сустрэчы таксама?

– Безумоўна, дамінавала ўкраінскае пытанне. Тут сапраўды драматычная сітуацыя. Шматмільённая краіна зрывае літаральна за некалькі дзён перамовы аб асацыяваным сяброўстве ў Еўразвязе. У нас жа няма адзінай пазіцыі з боку апазіцыйных сілаў, няма аніякіх рухаў з нагоды саміту, прыезду Макея.

– Акурат з боку кіраўніка МЗС Беларусі прагучалі прапановы спрашчэння візавага рэжыму. Умоваю ж Еўразвязу з’яўляецца вызваленне палітвязняў…

– Пытанне палітвязняў закранаў кожны з выступоўцаў ад Беларусі: спадар Анатоль Лябедзька, спадарыня Наталля Пінчук, а таксама я. Ад гэтае пазіцыі Еўропа не адмаўляецца. Еўрапейцы даўно адкрытыя для пачатку працэсу візавай лібералізацыі, аднак справа ў беларускім рэжыме. Рэжым баіцца адчыняць Беларусь. Таму заява Макея можа быць проста чарговаю гучнаю заяваю.

– Якія ў вас ўражанні ад саміту?

– Перадусім добрая арганізацыя. Карысная ініцыятыва, еўрапейцы намагаюцца працаваць з усімі краінамі «Усходняга партнёрства». Аднак лічу, што высілкаў на ўсходнім кірунку недастаткова. Справа таксама ў расейскіх грошах, якія могуць прывабліваюць іншыя краіны.

Але тое, што Беларусі было мала на саміце – гэта выклік перадусім для нас. Такі пасыл: «Дарагія сябры, аб’ядноўвайцеся!». Беларускае пытанне не вырашыцца ані ў Бруселі, ані ў Маскве. Дзеля гэта беларускія палітыкі мусяць аб’яднацца – мусіць быць адзіная кампанія, адзіная стратэгія падчас выбараў. І гэта будзе добраю навіною для еўрапейцаў, каб яны маглі падтрымаць беларускіх палітвязняў, грамадзянскую супольнасць, беларусаў.

Гутарыла Ганна Любакова, belsat.eu

Стужка навінаў