«Ніхто не застрахаваны ад асацыяцыі з ЕЗ» (відэа)


Беларусь зацікаўленая ў тым, каб яе адносіны з Еўразвязам «фармалізавалі, паставілі на салідную аснову, дзе былі б дакладна зафіксаваныя ўзаемныя выгоды ад такой супрацы». Пра гэта заявіў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей, размаўляючы з журналістамі 29 лістапада ў Вільне на саміце «Усходняга партнёрства».

Ці можа Менск павярнуць на Захад?

{movie}”Ніхто не застрахаваны ад асацыяцыі з ЕЗ” Інтэрв’ю з Уладзімірам Макеем|right|13536{/movie}

«На гэтым этапе мы вельмі шчыльна працуем над інтэграцыйнымі працэсамі ў межах Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы. Бачым там канкрэтныя выгоды і перавагі для Беларусі. Удзел у гэтым праекце дапамагае нам прымаць шэраг захадаў для мадэрнізацыі нашай эканомікі ды прадпрыемстваў. Але гэта не азначае, што мы цалкам закрываемся ад супрацы з ЕЗ. Наадварот, мы зацікаўленыя ў вельмі цеснай і плённай супрацы з ЕЗ», – адказаў палітык на пытанне аб магчымасці падпісання пагаднення аб асацыяцыі паміж Беларуссю і ЕЗ у перспектыве.

Макей падкрэсліў, што Еўразвяз – другі пасля Расеі гандлёва-эканамічны партнёр для Беларусі. «Мы маем намер працаваць вельмі шчыльна ў розных кірунках і розных галінах, у першую чаргу, у гандлёва-эканамічнай», – сказаў ён.

Аднак, адзначыў Макей, «ніхто не застрахаваны ад таго, што ў наступным сітуацыя можа змяніцца».

«На сёння мы не вядзем размовы пра тое, каб парафіраваць ці падпісваць пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ, – заявіў кіраўнік беларускага МЗС. – Мы гаворым пра тое, што на гэтым этапе кожная краіна-удзельніца «Усходняга партнёрства» бачыць па-свойму ўзровень сваёй сувязі з ЕЗ. Хтосьці хоча ў канчатковым выніку стаць сябрам ЕЗ, хтосьці хоча мець вельмі цесныя адносіны з ЕЗ. Мы хочам мець нармальныя палітычныя і гандлёва-эканамічныя адносіны з ЕЗ. Я не выключаю, што ў наступным можа ісці размова пра нейкія больш цесныя адносіны з ЕЗ».

Макей таксама зазначыў, што сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя ў ЕЗ, паказваюць: «беларусы адчуваюць сябе еўрапейцамі нават больш, чым грамадзяне некаторых нашых суседніх краінаў». Пра якія менавіта краіны ідзе размова, ён удакладняць не стаў.

Палітвязні? Затое мяжа «на замку»

«Мы, на жаль, у двухбаковым трэку ў межах «Усходняга партнёрства» пакуль не бярэм удзелу. Нас ізалявалі ў сілу пэўных праблемаў. Але мы бярэм удзел у шматбаковым трэку і заўсёды казалі нашым еўрапейскім партнёрам, што не трэба рабіць якіх-небудзь негатыўных крокаў у дачыненні Беларусі», – заявіў Макей.

Ён патлумачыў, што Беларусь робіць «значны ўнёсак у агульную стабільнасць і бяспеку ў Еўропе».

«Еўропа не мае ніякіх праблемаў з транзітам вуглевадародаў з Расеі, няма тэрытарыяльных у нас прэтэнзіяў, мы змагаемся з трансмежаваю злачыннасцю, нелегальнаю міграцыяй, гандлем людзьмі. Усё гэта – унёсак Беларусі ў арганізацыю еўрапейскай бяспекі. Адмаўляць гэтага не можа ніхто, таму трэба садзіцца за стол, абмяркоўваць наяўныя праблемы і ў канструктыўным духу знаходзіць іх вырашэнне», – падкрэсліў Уладзімір Макей.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў