«Рэпартаж Залеўскага». Таямніцы мадэрнізацыі ў Баранавічах


Здымачная група «Белсату» ўжо ездзіла ў Віцебск, апярэджваючы такім чынам візіт Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер скіравалася ў Заходнюю Беларусь. Гэтым разам – ужо пасля візіту кіраўніка дзяржавы. Баранавічы – гэта горад, у якім перасякаюцца чыгуначныя і аўтамабільныя шляхі паміж Усходам і Захадам.

{movie}«Рэпартаж Залеўскага». Таямніцы мадэрнізацыі ў Баранавічах|right|13535{/movie}

Кіраўнік краіны ў Баранавічы прыязджаў, аднак наведаў толькі авіябазу. Гэтым разам да рэвізіі мадэрнізацыі прамысловасці не дайшло, мясцовае баваўняна-папяровае аб’яднанне наведаў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Тэкстыльнікі запэўнілі, што праз паўгода закупяць неабходнае абсталяванне, але працаваць на ім будуць… нарадзінцы Бангладэшу! Чаму?

Пра гэта мы пытаемся ў ветэрана баранавіцкага тэкстылю спадара Уладзіміра. На розных пасадах у аб’яднанні ён прапрацаваў амаль 45 гадоў.

Яшчэ ў 90-х камбінат быў адным з асноўных працадаўцаў у Баранавічах. За апошнія гады колькасць працаўнікоў скарацілася з 11 тыс. да 2 тыс. 200. Яно і не дзіўна, сярэдні заробак на прадпрыемстве – крыху больш за Br 2 млн. Сярэдні ж заробак у Баранавічах на $ 155 меншы за сярэдні заробак па краіне.

І хоць чыноўнікі вырашылі ратаваць тэкстыльную прамысловасць, зусім забыліся пра іншы гігант – завод «Атлант». Тут – аналагічныя праблемы: састарэлае абсталяванне, нізкая прадукцыйнасць працы. Вынік – адток кадраў і зніжэнне заробкаў.

«Даўгі вісяць і ўсе спадзяюцца, што дзяржаўным прадпрыемствам дзяржава спіша пазыкі», – гаворыць адна з працаўніц «Атланта».

Кітайцы на Бярозаўскай ГЭС, украінцы на «Пінскдрэве». Пакуль заробкі меншаюць і грамадзяне змушаныя выязджаць на заробкі за мяжу, Беларусь усё часцей вымушаная запрашаць танную працоўную сілу з іншых краінаў. Хоць для Баранавічаў – гэта першы такі досвед. Здымачная група наведала інтэрнат, у якім жывуць сённяшнія працаўнікі тэкстыльнага аб’яднання, каб даведацца, куды прыедуць грамадзяне Бангладэшу.

Як адбываецца мадэрнізацыя ў такіх гарадах, як Баранавічы? Глядзіце «Рэпартаж Залеўскага»!

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў