Галаваломка ад Макея: палітвязняў няма, але хай пішуць прашэнне (відэа)


Як вызваліць палітвязняў, якіх у краіне «няма» і распачаць дыялог без выстаўлення ўмоваў, аднак… «пры ўмове»? Уладзімір Макей здзівіў журналістаў катэгарычнымі ды ўзаемнавыключальнымі выказваннямі.

Палітвязняў няма, але хай пішуць прашэнне

Міністр замежных справаў Уладзімір Макей, размаўляючы з журналістамі на саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні, заявіў, што ў Беларусі «няма ніякіх палітвязняў». «Тых зняволеных, якія сядзяць у турмах, пакаралі за канкрэтныя крымінальныя злачынствы. У іншых краінах яны атрымалі б, напэўна, і большыя тэрміны», – сказаў Макей.

{movie}Уладзімір Макей: няма ніякіх палітвязняў!|right|13537{/movie}

І хоць «ніякіх палітвязняў няма», кіраўнік Міністэрства замежных справаў цудоўна арыентуецца ў сітуацыі ды нават падказвае, на якіх умовах вязні сумлення могуць выйсці на свабоду. «Наконт вызвалення палітзняволеных – гэта пытанне не да Міністэрства замежных справаў, а да тых структур, якія прымалі адпаведнае рашэнне. У нас суды незалежныя, таму звяртайцеся да іх. Але я ўпэўнены, калі б гэтыя зняволеныя напісалі прашэнне аб памілаванні, то гэта прашэнне разгледзелі б і, магчыма, прынялі б станоўчае рашэнне», – заявіў Макей.

За дыялог «без умоваў»

Менавіта вызваленне палітвязняў – тая ўмова, якую Еўразвяз называе неабходнаю дзеля таго, каб распачаць дыялог з афіцыйным Менскам і актывізаваць кантакты на высокім узроўні.

«Я мяркую, што дыялог мусіць адбывацца пры любых акалічнасцях. Ставіць нейкія ўмовы для пачатку дыялогу – абсалютна бессэнсоўная рэч. Лічу, што дыялог ці ёсць, ці яго няма. І весці яго трэба без выстаўлення якіх-небудзь умоваў», – заявіў Уладзімір Макей.

Аднак пры гэтым сам жа і ставіць умовы: санкцыі, уведзеныя ЕЗ у дачыненні Беларусі, мусяць адмяніць. «Інакш ніякай размовы ў нас не атрымаецца, – заявіў кіраўнік МЗС Беларусі. – Павінен быць дыялог. І ў працэсе дыялогу павінны быць вырашаны ўсе праблемы, якія сёння існуюць у нашых адносінах з ЕЗ».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў