Лукашэнка прызнаў, што ў 2013 годзе ў эканоміцы не выканалі большасці планаў


«Прагнозныя паказнікі ў абсалютнай большасці не выконваюцца. Але трэба глядзець глыбей. Трэба выявіць прычыны недапрацовак і тых праблемаў, якія тармозяць развіццё краіны», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы са справаздачаю аб стане эканомікі ўрад і Нацыянальны банк.



Лідар Беларусі нагадаў, што па прапановах ўраду на 2013 год зацвердзілі рост ВУП памерам 8,5 %. «Па факце можам сёння разлічваць на 1,5 %, і тое яшчэ ці дацягнем да паўтара, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Вы мяне пераконвалі, што не варта сёння гнаць аб’ёмаў, наўзамен урад забяспечыць высокую якасць і збалансаванасць развіцця эканомікі. Я вас паслухаў тады і цягам года нікога не тузаў і не напружваў у сферы аб’ёмных паказнікаў. Што ў выніку? Як мне дакладваюць – ні таго, ні іншага».

Паводле Лукашэнкі, яму «абяцалі збалансаваць вонкавы гандаль таварамі ды паслугамі». «На практыцы маем адмоўнае сальда замест станоўчага. Узялі ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні не больш за 1 %. На справе па-ранейшаму трымаем насельніцтва ў напрузе праз рост коштаў. Інфляцыя за 10 месяцаў ужо мае той узровень, які мы планавалі на канец года».

Лукашэнка ўзгадаў, што не выканалі таксама планаў мадэрнізацыі эканомікі, а замест планаваных $ 48 тыс. прыбытку на занятага ў эканоміцы ў найлепшым выпадку будзе прыбытак толькі $ 43 тыс.



Лідар Беларусі заявіў, што «не выконваюцца як узятыя на сябе абавязкі, так і наўпроставыя даручэнні кіраўніка дзяржавы». «Прычым такая тэндэнцыя прасочваецца на цягам ўсяго тэрміну працы ўраду ў цяперашнім складзе».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў