Кіраўнік Еўракамісіі: Беларусь - за перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕЗ


Беларусь сёння прапанавала пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўразвязам, паведаміў кіраўнік Еўракамісіі Жузэ Мануэл Барозу па выніках саміту «Усходняга партнёрства» ў Вільні.



«Мы сёння даведаліся, што Беларусь хоча пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕЗ», – сказаў кіраўнік Еўракамісіі.

«Еўрапейскі звяз вітае гэтае рашэнне», – падкрэсліў Барозу. Ён выказаў надзею на тое, што гэты працэс пойдзе на карысць беларускаму народу, асабліва моладзі.

Удзельнікі саміту «Усходняга партнёрства» пацвердзілі, што «з нецярпеннем чакаюць пачатку перамоваў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з Беларуссю». Пра гэта гаворыцца ў агульнай дэкларацыі прадстаўнікоў краінаў ЕЗ і «Усходняга партнёрства», прынятай сёння па выніках саміту.

У дакуменце адзначаецца, што ЕЗ застаецца «ўцягнутым у Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі з беларускім грамадствам» і што «працягваецца абмен думкамі паміж ЕЗ і ўрадам Беларусі для вызначэння найлепшага будучага фармату супрацы ў пытаннях мадэрнізацыі».

У сваю чаргу, кіраўнік Еўрапарламенту Марцін Шульц адзначыў, што беларускае пытанне абмяркоўвалася падчас саміту. «Міністр Макей таксама выступіў з прамоваю. Яму падалі выразны сігнал аб тым, што без дэмакратыі ды гарантыі выканання правоў чалавека для Беларусі надзвычай цяжка будзе разлічваць на развіццё адносінаў з ЕЗ».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў