Мікалай Статкевіч: Сябраў ініцыятыўнай групы спрабуюць запалохаць


Ціск на кіраўніцтва партыі, паводле Мікалая Статкевіча, пачаўся яшчэ за два тыдні да старту кампаніі. “З пятнаццаці сябраў бюро тры згубілі працу нават у прыватных арганізацыях”, – кажа кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада). “У правінцыі дырэктараў прадпрыемстваў выклікаюць у КДБ, у Менску сілавікі прыйшлі ў прыватную фірму самыя, – распавядае палітык. – У выніку людзі згубілі працу”.

Парадаксальны выпадак меў месца на Віцебшчыне. Сяргей Баравік, сябра ініцыятыўнай групы Статкевіча ў Новалукомлі, прыйшоў на пошту па ліст з інструкцыямі з справе збору подпісаў. “Капэрта была адчыненая, дакументаў там не было. Ён пачаў абурацца, прыехала міліцыя, – кажа Мікалай Статкевіч, – яго забралі, і цяпер ён знаходзіцца ў Лепельскай псіхіятрычнай лякарні, яго там прымусова ўтрымліваюць, што з’яўляецца парушэннем закону”.

Паводле жонкі затрыманага актывіста, яму ўвесь час пагражаюць і прымушаюць адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі.

Другі выпадак, які Мікалай Статкевіч трактуе як ціск на сябраў ініцыятыўнай групы, адбыўся ў Менску. Паводле кіраўніка партыі, невядомыя ў цывільным схапілі на вуліцы сябра ініцыятыўнай групы Яраслава Грышчэню ды завезлі ў аддзяленне міліцыі, дзе пратрымалі да раніцы, выпытваючы аб ягоным удзеле ў выбарчай кампаніі. Паводле абодвух здарэнняў рыхтуюцца адпаведныя заявы ў пракуратуру.

belsat.eu

Стужка навінаў