Папа Рымскі прызначыў для Беларусі трох новых біскупаў


Усе прызначаныя ерархі – ураджэнцы Беларусі.



29 лістапада Папа Францішак прызначыў трох новых біскупаў у Беларусі: кс. Алега Буткевіча біскупам Віцебскай дыяцэзіі, кс. Юрыя Касабуцкага дапаможным біскупам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, кс. Іосіфа Станеўскага дапаможным біскупам Гарадзенскай дыяцэзіі. Біскупскую сакру прызначаныя святары атрымаюць у снежні.

Ягоная эксцэленцыя мансіньёр Алег Буткевіч

Нарадзіўся 18 сакавіка 1972 годзе ў Браславе, на тэрыторыі сучаснай Віцебскай дыяцэзіі. Перад паступленнем у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Горадні (1994 год) скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт.



Святарскае пасвячэнне прыняў 13 мая 2000 года; святар Віцебскай дыяцэзіі. Працаваў у Наваполацку і Міёрах, Бешанковічах і Уле. З 2003 года выконвае абавязкі пробашча парафіі Св. Антонія Падуанскага ў Віцебску і дэкана дэканату Віцебск-паўночны.

Ягоная эксцэленцыя мансіньёр Юрый Касабуцкі

Нарадзіўся 15 лютага 1970 года ў Маладзечне. Перад паступленнем у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Горадні (1991 год) вучыўся ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі і адбыў вайсковую службу.

Святарскае пасвячэнне прыняў 7 снежня 1996 года; святар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Працаваў у Магілёве і Вілейцы. З 1999 да 2001 года вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча), дзе атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі. З 2001 года да 2004-га выконваў абавязкі прэфекта Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. У 2004 годзе яго прызначылі дырэктарам сакратарыяту Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. З 2005 года выконвае абавязкі канцлера курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. З 2006 года – таксама адміністратар парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Менску. Выкладчык у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску і Катэхетычным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля ў Менску.

Ягоная эксцэленцыя мансіньёр Іосіф Станеўскі

Нарадзіўся 4 красавіка 1969 года ў Заневічах на тэрыторыі сучаснай Гарадзенскай дыяцэзіі. Пасля вайсковай службы і працоўнага досведу паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Горадні (1990 год).

Святарскае пасвячэнне прыняў 17 чэрвеня 1995 года; святар Гарадзенскай дыяцэзіі. У тым жа годзе яго прызначылі на служэнне ў Ваўкавыск. Пасля крыху больш чым гадавой душпастырскай паслугі скіравалі ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт (Польшча), дзе атрымаў ступень ліцэнцыята кананічнага права. У 1999 годзе прызначылі выкладчыкам і прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Горадні. З 2000 года – суддзя, а з 2005 г. – віцэ-афіцыял Міждыяцэзіяльнага касцёльнага суда ў Горадні. З 2004 года выкладае кананічнае права ў Катэхетычным інстытуце ў Горадні. У 2012 года прызначылі капеланам Папы Рымскага.

МЯ, belsat.eu, паводле catholic.by, фота catholic.by

Стужка навінаў