«Украіна не гатовая падпісаць Пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам»


Другі дзень саміту «Усходняга партнёрства» распачаўся ў Вільні з заявы Далі Грыбаўскайце пра тое, што ўкраінскі прэзідэнт казаў на саміце зусім не пра тое.

Прэзідэнт Літвы падчас вітання ўдзельнікаў у выставачным цэнтры «LITEXPO» паведаміла, што пазіцыя ўкраінскага лідара не змянілася, нягледзячы на размовы, якія вяліся напярэдадні. Віктар Януковіч казаў не пра дамову і яе падпісанне, а пра эканамічныя праблемы, якія цяпер мае Украіна і якія яна мусіць развязаць. Гэткім чынам, нашая паўднёвая суседка страціла магчымасць падпісаць сёлета Дамову аб асацыяцыі з Еўразвязам на трэцім саміце «Усходняга партнёрства», які праходзіць у Вільні.

Напярэдадні канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што дзверы Еўрапейскага Звязу заўсёды адчыненыя для Украіны. Гэтую пазіцыю падтрымаў сёння і прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд.

Адначасова прэзідэнт краіны-гаспадыні саміту вітала канчатковую дамоўленасць аб асацыяцыі з Малдоваю ды Грузіяй. Падпісаць пагадненне з гэтымі краінамі плануюць ужо налета.

Беларусь на саміце «Усходняга партнёрства» рэпрэзентуе міністр замежных справаў Уладзімір Макей. Напярэдадні падчас афіцыйнага адкрыцця віленскага саміту кіраўнік МЗС з’явіўся на нефармальнай вячэры ў Палацы вялікіх князёў літоўскіх. На пытанне «Белсату», чаго Беларусь чакае ад саміту, Уладзімір Макей адказаў па-беларуску: «Пазітыву».

Ганна Любакова, belsat.eu

Стужка навінаў