Грузія ў Вільні дамовілася з ЕЗ аб ільготным 30-гадовым крэдыце


Грузія атрымае ільготны крэдыт на суму € 30 млн ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банку. Адпаведнае фінансавае пагадненне падпісалі ў Вільні ў ходзе саміту «Усходняга партнёрства».

«Гэта доўгатэрміновы, 30-гадовы крэдыт на ільготных умовах. Ільготны перыяд складае 10 гадоў. Для нас вельмі важнае развіццё інфраструктуры. Мы таксама прапанавалі Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку адкрыць у Грузіі сваё прадстаўніцтва», – адзначыў міністр эканомікі Грузіі Гіёргі Квірыкашвілі.

Як перадаюць агенцтвы, са сродкаў другога траншу крэдыту Еўрапейскага інвестыцыйнага банку пабудуюць адзін з адцінкаў аўтамабільнай трасы Самтрэдыя–Грыгалеты ў Грузіі.

Пагадненне аб першым траншы крэдыту падпісалі ў 2012 годзе. Паводле яго ўмоваў, Грузіі вылучылі € 170 млн на будаўніцтва некалькіх адцінкаў хуткаснай аўтамагістралі «Усход–Захад».

Малдова і Грузія пацвердзілі папярэднюю дамоўленасць аб асацыяцыі з Еўразвязам падчас саміту «Усходняга партнёрства» ў Вільні 28 лістапада.

МЯ, belsat.eu, паводле liga.net

Стужка навінаў