і


Першы дзень саміту «Усходняга партнёрства» ў Вільні скончыўся працоўнай вячэраю. За сталом працягнецца размова пра будучыню праграмы, а таксама пра сітуацыю ўва Украіне.

На вячэру запрасілі кіраўнікоў краінаў Еўразвязу і еўраструктураў, а таксама лідараў і міністраў шасці краінаў «Усходняга партнёрства». Падчас імпрэзы маюць расставіць акцэнты па выніках сённяшняй нарады прэзідэнта Літвы з кіраўнікамі структураў Еўразвязу.

Таксама ў чацвер прайшла канферэнцыя прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці краінаў «Усходняга партнёрства».

На заўтра, 29 лістапада, запланаваная пленарная сесія. Падчас яе лідары 34 краінаў і міністры працягнуць абмяркоўваць вынікі праграмы і яе будучыню.

Запрашэнне на саміт атрымалі лідары ўсіх буйных краінаў ЕЗ, у тым ліку канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль і прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд. Усе партнёры Беларусі з «Усходняга партнёрства» – Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова і Украіна – будуць рэпрэзентаваныя на ўзроўні прэзідэнтаў. Не запрасілі ў Вільню толькі Аляксандра Лукашэнку. Ад уладаў Беларусі на саміт прыехаў міністр замежных справаў Уладзімір Макей.

Асноўнаю падзеяй сустрэчы мела быць падпісанне Асацыяцыі паміж ЕЗ і Украінай. Аднак украінскі ўрад адклаў дамову на няпэўны тэрмін, што выклікала масавыя пратэсты ў краіне.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў