Не гуляй з дыктатарам!


Алімпійскім гульням у Сочы, а таксама чэмпіянату свету па хакеі – гавораць сваё рашучае «НЕ». Ды заклікаюць байкатаваць гэтыя спартовыя імпрэзы ўдзельнікі варшаўскае канферэнцыі «Не гуляй з дыктатарам». Ініцыявалі спатканне вось тут, у прэсавым цэнтры «Фоксаль», апазіцыйныя палітыкі з Беларусі, Расеі ды Польшчы.

{movie}Не гуляй з дыктатарам! |right|13514{/movie}

Галоўнае пытанне ўдзельнікаў, ці дыктатары (гэтак назвалі Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Пуціна) могуць быць арганізатарамі спартовых спаборніцтваў сусветнае значнасці, ці лідары краінаў Еўразвязу павінны далучацца да гэтых падзеяў, ці байкот мае неякі сэнс, а таксама ці можна і якім чынам паўплываць на рашэнні спартовых федэрацыяў.

Барыс Нямцоў – палітык ды аўтар скандальна вядомае справаздачы «Зімовая алімпіяда ў субтропіках». У ёй распавядаецца пра без перабольшанняў шалёныя кошты гульняў. На найдаражэйшую Алімпіяду ў гісторыі, названую асабістым праектам Уладзіміра Пуціна, выдаткуюць, паводле палітыка, больш як 60 мільярдаў долараў. Сума на правядзенне гульняў перавышае ўсе разам складзеныя бюджэты зімовых гульняў за ўсю гісторыю. Аднак, гаворыцца ў справаздачы, больш за 60 % усіх сродкаў папросту скралі, аб’екты маюць сумнеўную якасць, а экалогіі рэгіёну нанеслі непамерную страту. Ёсць рызыка перабояў з электрычнасцю ў часе гульняў, дый кліматычных сюрпрызаў (папросту кажучы, адсутнасць снегу), арганізацыйных недахопаў, а нават тэрарыстычнай пагрозы.

Гульні адбываюцца на Паўночным Каўказе, і ў новым даследаванні цэнтру «Левада» 25 % апытаных расейцаў назвалі магчымаю тэрарыстычную пагрозу ў часе гульняў. Як вынік – беспрэцэдэнтныя захады бяспекі. Забароненыя ўсялякія дэманстрацыі, абмежаваны доступ транспарту ў Сочы, усіх наведнікаў спраўдзіць ФСБ. Упершыню акрамя квіткоў на спаборніцтвы спатрэбіцца адмысловы пашпарт фаната.

Удзельнікі канферэнцыі перадусім гаварылі пра палітычны байкот гульняў. Еўрапейскія палітыкі ды спартоўцы звярнуліся да дыктатараў з патрабаваннем вызваліць палітвязняў. Аднак ні ў Маскве, ні ў Менску на пратэсты не выказваюць відавочнае рэакцыі.

Пакуль адныя заклікаюць байкатаваць, будоўля і ў Сочы, і ў Менску ідзе поўнаю параю. Арганізатары запэўніваюць, што здзівяць увесь свет. А таму нягледзячы на ўсе недахопы, пра байкот імпрэзаў хутчэй за ўсё проста няма размовы.

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Стужка навінаў