Для Януковіча ў Вільні падрыхтавалі паўтараметровую асадку


Украінцы зладзілі небанальныя акцыі, каб падтрымаць пагадненне паміж Украінаю і Еўразвязам напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства».

Пагадненне паміж Украінаю і Еўразвязам падпісалі сёння ў Вільні. Праўда, сімвалічнае.

На канферэнцыі прысутнічалі спікеры ад Беларусі, у тым ліку старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў, старшыня Міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка, праваабаронцы Алена Танкачова і Алег Гулак. Беларускую апазіцыю рэпрэзентавалі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец, кіраўнік Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін. Перад прысутнымі выступілі міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі ды еўрапейскі камісар у пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле.

Напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства» праходзіла канферэнцыя прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці краінаў-удзельніц. Каардынатар Украінскай нацыянальнай платформы форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» Аляксандр Сушко заклікаў прысутных падпісаць сімвалічны дакумент. Зала адрэагавала на гэта апладысментамі. А пасля канферэнцыі ахвотныя паставіць свой подпіс пашыхтаваліся ў чаргу.

Раней планавалася, што пагадненне паміж Украінаю і ЕЗ падпішуць 29 лістапада. Аднак 21 лістапада ўкраінскі ўрад спыніў рыхтаванне да гэтага кроку, што выклікала масавыя пратэсты ў краіне.

Яшчэ адну сімвалічную акцыю зладзілі ўкраінскія мастакі. Яны зрабілі з соцень асадак адну вялікую, памерам 1,5 метра. Яе плануюць уручыць прэзідэнту Украіны Віктару Януковічу, які возьме ўдзел у саміце.

Сяргей Пеляса, Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў