Суд над Парфянковым перанеслі на 5 снежня (абноўлена, фота)


Суддзя прыйшоў да высновы, што падсудны мог не паспець азнаёміцца з матэрыяламі справы, таму пасяджэнне перанеслі на 5 снежня. Перад працэсам Васіль Парфянкоў заявіў журналістам: ён гатовы да таго, што можа зноў апынуцца ў турме.

Разгляд справы супраць былога палітзняволенага Васіля Парфянкова, якога абвінавачваюць на падставе арт. 421 Крымінальнага кодэксу Беларусі (невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду), пачаўся ў судзе Першамайскага раёну Менску. Справу разглядае суддзя Леанід Ярмоленкаў.

У суд Парфянкова прывезлі пад канвоем, бо яго ўтрымліваюць у лячэбна-працоўным прафілакторыі (ЛПП) № 1 у Светлагорску.

Васіля Парфянкова і яшчэ аднаго былога палітзняволенага, Уладзіміра Яроменка, 16 верасня асудзілі на пяць содняў арышту за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду (арт. 24.12 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях) і змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Абодвух мусілі вызваліць 21 верасня, аднак з ЦІП выйшаў толькі Яроменак – Парфянкова змясцілі на год у ЛПП.

У 2011 годзе Парфянкова асудзілі ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года – да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Але ў жніўні таго ж года актывіст выйшаў на волю на падставе ўказу прэзідэнта аб памілаванні. Цяперашні пераслед былога палітзняволенага праваабаронцы разглядаюць як помсту ўладаў і спробу ўціску на грамадскіх актывістаў.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары