Як актывісты ратуюць бел-чырвона-белы сцяг


Нацыянальныя сімвалы для нашых сілавых структураў як чырвоная ануча для быка, а між іншага, гэта неад’емная частка беларускай гісторыі. Грамадскія актывісты распачалі кампанію «За бел-чырвона-белы сцяг» і дамагаюцца, каб яго ўнеслі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Пра гэта – сюжэт праграмы «Маю права», якую можна глядзець штосераду а 20:25 у онлайн-трансляцыі на нашым сайце, а пасля выдання – у архіве праграмаў.

«Герб Пагоня адназначна сімвал, які не выкрасліш з нашай гісторыі. Сцяг, магчыма, выклікае спрэчкі, але базуецца на этнічным, на нашым матэрыяле», – заўважыў паэт Вітаўт Мартыненка.

{movie}Як актывісты ратуюць бел-чырвона-белы сцяг. Сюжэт праграмы “Маю права” |right|13507{/movie}Спачатку да спадара Вітаўта звярнуўся Віталь Супрановіч. Музычны прадзюсар прапанаваў паэту скласці кружэлку з песнямі пра беларускія нацыянальныя сімвалы.

Пастанавілі выдаць два дыскі. Першым падрыхтавалі дыск пра герб і сцяг, які назвалі «Сімвалы веры і свабоды». Папулярызацыяй занялося грамадскае агенцтва «Арт-сядзіба». Пасля прэзентацыі кружэлкі актывісты зладзілі шэраг акцыяў, прысвечаных спрадвечным беларускім сімвалам. «На падставе гэтага нарадзілася ідэя, што трэба звярнуцца ў Міністэрства культуры з прапановаю, каб з гэтымі музычнымі ды іншымі фактамі бел-чырвона-белы сцяг стаў гісторыка-культурнай каштоўнасцю», – расказаў кіраўнік «Арт-сядзібы» Павел Белавус.

Хлопцы размесцілі зварот у інтэрнэце, які можна было спампаваць, падпісаць і даслаць на менскі адрас. За месяц атрымалі каля тысячы падпісаных дакументаў.



Чыноўнікі з Міністэрства культуры адказалі адмоваю, патлумачыўшы, што подпісаў недастаткова, а трэба яшчэ навуковае ці культуралагічнае абгрунтаванне. Яго актывісты таксама падрыхтавалі ў папулярнай форме. «Мы хочам у першую чаргу даказаць, што гэта не апазіцыйныя, а нацыянальныя і гістарычныя сімвалы», – адзначыў Павел Белавус.

Пакуль грамадскія актывісты чакаюць і спадзяюцца на станоўчы адказ Міністэрства культуры, над будынкам музею Вялікай Айчыннай вайны лунае чырвоны савецкі сцяг з сярпом і молатам. Няўжо гэта і ёсць сапраўдная нацыянальная каштоўнасць краіны?

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў