«Усходняе партнёрства» і Беларусь: шанец, якім не скарысталіся


Першы саміт «Усходняга партнёрства» адбыўся ў Празе у 2009 годзе. Ініцыятыва польскага МЗС пры падтрыманні Швецыі на той час магла стаць сапраўднаю платформаю для дыялогу паміж афіцыйным Менскам і ЕЗ. Чаму справа не пайшла далей за дэкларацыі з боку беларускіх чыноўнікаў? Глядзіце ў матэрыяле праграмы «ПраСвет».



{movie}«Усходняе партнёрства» і Беларусь: шанец, якім не скарысталіся |right|13505{/movie}З надзеяй на «Усходняе партнёрства» глядзелі ў асяроддзі беларускіх дэмакратаў. «Ёсць шанец на тое, што краіна будзе дэмакратычнаю, гэта залежыць і ад грамадзянскай супольнасці, і ад уладаў. Я думаю, што ўвогуле для Беларусі гэта перспектыва вяртання ў еўрапейскую сям’ю», – гэтак пракаментаваў старт «Усходняга партнёрства» ў 2009 годзе лідар руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Энергетыка, гандаль, дапамога ў мадэрнізацыі, гуманітарныя праекты – праз «Усходняе партнёрства» Еўразвяз імкнецца зрабіць сваіх суседзяў з постсавецкіх краінаў бліжэйшымі да еўрапейскіх стандартаў. І Малдова, Грузія ці Украіна ахвотна зрабілі крок насустрач.

Да апошняга моманту чакалі, што на першы саміт прыедзе Лукашэнка. Аднак гэтага не адбылося. Для афіцыйнага Менску «Партнёрства» заставалася выключна інструментам для своеасаблівага гандлю з Масквою.

Беларусь свайго кроку насустрач не зрабіла. Менск патрабаваў канкрэтыкі, але пераважна ў выглядзе… еўрапейскіх грошай: крэдыты і дапамога на мадэрнізацыю энергасістэмы, грошы на ўмацаванне мяжы. Еўразвяз у адказ чакаў прынцыповых зменаў ва ўнутранай палітыцы: больш свабоды слова, спыненне палітычных рэпрэсіяў, свабодныя выбары. Дыялогу не атрымалася. Тым не менш, грамадзянская супольнасць заклікае Еўразвяз не спыняць спробаў навесці масты з нашаю краінаю.

У 2011 годзе ў Варшаве распачаў працу чарговы саміт «Усходняга партнёрства», але пра тое, каб на сустрэчу з еўрапейскімі лідарамі прыехаў Лукашэнка, не магло ісці і гаворкі. Еўропа асудзіла хвалю рэпрэсіяў супраць апазіцыі, сілавы разгон Плошчы, наяўнасць палітвязняў. Слова ў Варшаве атрымалі не чыноўнікі, а апазіцыя і сваякі палітвязняў.

У Варшаву запрасілі тагачаснага міністра замежных справаў Сяргея Мартынава. Аднак афіцыйны Менск апусціў планку сваёй рэпрэзентацыі яшчэ ніжэй, адправіўшы на сустрэчу да прэзідэнтаў усяго толькі амбасадара Беларусі ў Польшчы.

Сёлета на саміт скіравалі новага міністра замежных справаў, Уладзіміра Макея, які можа мець пэўныя паўнамоцтвы для палітычнага дыялогу. Менск па-ранейшаму спадзяецца на эканамічныя прэферэнцыі, таму на бізнес-форум выправілі міністра эканомікі Мікалая Снапкова.

Адмысловае выданне праграмы «ПраСвет», прысвечанае саміту «Усходняга партнёрства», глядзіце ў панядзелак, 2 снежня, у эфіры «Белсату», а неўзабаве пасля трансляцыі – у архіве праграмаў.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў