Украінскія актывісты пратэставалі на бізнес-форуме «Усходняга партнёрства» (дадалося відэа)


https://youtu.be/AWadtz5gYJM
Падчас выступу першага віцэ-прэм’ера Украіны Сяргея Арбузава на бізнес-форуме «Усходняга партнёрства» ў Вільні двое ўкраінскіх дзеячаў узнялі плакаты з палітычнымі лозунгамі.

Актывісты выступілі супраць рашэння ўкраінскіх уладаў спыніць еўраінтэграцыю краіны і працягваць збліжэнне з Расеяй. «Чаму ты баішся Пуціна? Не бойся Пуціна!» – было напісана на плакатах па-англійску.

{movie}Украінскія актывісты пратэставалі на бізнес-форуме «Усходняга партнёрства» |right|13508{/movie}Акцыя ў зале паседжання не трывала доўга, праз некалькі хвілінаў ахова далікатна вывела пратэстоўцаў з залы.

Асноўнаю падзеяй саміту «Усходняга партнёрства», які распачнецца сёння ў Вільні, мела стаць падпісанне асацыяцыі паміж Еўразвязам і Украінаю, аднак украінскія ўлады за тыдзень да саміту заявілі аб прыпыненні еўраінтэграцыі. Саміту «Усходняга партнёрства» папярэднічае бізнес-форум, які распачаўся сёння раніцаю.

«Нашая акцыя была падтрыманнем еўрамайданаў ва Украіне і па ўсім свеце, яна была падтрыманнем еўрапейскіх каштоўнасцяў, якія мы не хочам мяняць на прыватныя дамоўленасці Януковіча з Пуцінам. Нашае галоўнае пасланне: свабода нам даражэйшая, чым расейскі газ», – сказала Леся Шаўчэнка, прэзідэнтка фонду «Адкрытае грамадства» і адна з удзельніц акцыі.

Паводле спадарыні Шаўчэнкі, менавіта такімі захадамі трэба паказваць нязгоду з пастановамі ўкраінскага ўраду, які прыпыніў еўраінтэграцыю: «Януковіч выступае тут як карцёжнік, які то блефуе, то глядзіць, што можна з гэтай сітуацыі выцягнуць. Еўрамайдан для яго выгадны ў перспектыве будучых прэзідэнцкіх выбараў, бо дапаможа атрымаць грошы ад Пуціна або паслабіць эмацыйны настрой грамадзянаў, тады падчас прэзідэнцкіх выбараў можа не быць такога ўсплёску».

Сяргей Пеляса, МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары