Гандбалісты, якіх спансаруе «Газпром», выкарыстоўваюць беларускую мову


Беларуская мова з’явілася на інтэрнэт-старонцы Берасцейскага гандбольнага клубу.

Упершыню за 11 гадоў існавання Берасцейскага гандбольнага клубу (БГК) імя Мяшкова на афіцыйнай старонцы з’явіўся тэкст і афіша на беларускай мове. Больш за тое, сёння берасцейцы гулялі матч чэмпіянату краіны супраць «Гомеля» і онлайн-трансляцыю паядынку інтэрнэт-старонка вяла па-беларуску. Сама гульня прынесла перамогу берасцейцам – 35:23.

«У нас у клубе ёсць генератары ідэяў, і гэта яны прапанавалі выкарыстаць беларускую мову, – распавёў намеснік кіраўніка БГК Анатоль Петруковіч. – І, магчыма, гэта стане нашаю разынкаю. Пакуль што мы толькі правяраем, як адрэагуюць нашыя заўзятары, і калі беларуская мова будзе імі ўспрымацца пазітыўна, то будзем выкарыстоўваць яе і далей».

У Беларусі ўвогуле мала хто робіць онлайн-трансляцыі спартовых мерапрыемстваў, а цалкам па-беларуску гэта рабіў толькі www.match.by, які, на жаль, прыпыніў працу. З беларускіх клубаў беларускамоўныя трансляцыі вёў таксама ФК «Тарпеда» (Жодзіна).

Нагадаем, што БГК стварыў у памяць аб сваім бацьку старшыня назіральнага савету ААТ «Белтрансгаз», дарадца старшыні праўлення ААТ «Газпром» Аляксандр Мяшкоў.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў