Вёска, падзеленая на дзве краіны


Калісьці беларуская вёска Піцкуны і літоўская Норвілішкес былі адным цэлым. Гісторыя пра тое, як мяжа падзяліла не толькі паселішча, але і сям’ю.

Мяжа-раз’яднальніца. Гэтак з болем і смуткам называюць жыхары літоўскай вёскі Норвілішкес і беларускай Піцкуны дзяржаўную літоўска-беларускую мяжу. Мяжу, якая прайшла сёння не толькі праз вулачкі ды падворкі калісьці аднаго паселішча, але і праз лёсы ды сэрцы ейных жыхароў – магчыма, навечна падзяліўшы сем’і. Гэтак сваякі часткова аказалася ў краіне “апошняй дыктатуры Еўропы”, а часткова – на Захадзе, у Еўрапейскім Звязе.

{movie}Вёска, падзеленая на дзве краіны|right|13491{/movie}

Дарога з Вільні ў памежную вёску Норвілішкес, якую тамтэйшыя жыхары-беларусы дагэтуль называюць на свой манер, Нарвілішкі, займае крыху больш за гадзіну. Аўтобус амаль адразу ўпіраецца ў плот, праз які добра відаць памежныя слупкі ды табліцу з напаўабсыпанымі літарамі: “Рэспубліка Беларусь”. Часта падыходзіць да плоту і “абарыген” Станіслаў Аленціновіч. З тым, каб паразмаўляць са сваёй цёткай Янінай, якая жыве ў Піцкунах, але хата якой стаіць літаральна за дзве сотні метраў ад дому літоўскага пляменніка. А як ён кліча яе да плота?

СТАНІСЛАЎ АЛЕНЦІНОВІЧ, ЖЫХАР ВЁСКІ НОРВІЛІШКЕС:

Сусед выклікае! Суседа папросім, ён на ровары пад’едзе і пакліча. Яна прыйдзе, і пагаворым. Вось так і кантактуем”.

Проста зайсці ў госці адзін да аднаго сваякі не могуць. Для гэтага трэба ехаць ў раённы цэнтр Дзіевянішкес і афармляць візу, а потым – да найбліжэйшага літоўска-беларускага памежнага пункту, які за 150 км адсюль. Гадавая беларуская віза каштуе каля 200 еўраў, і для мясцовых жыхароў – непад’ёмная. Затое без усялякай візы яны могуць паехаць сёння ў Швейцарыю.

ЛЕАКАДЗІЯ ГАРДЗЕВІЧ, ЖЫХАРКА ВЁСКІ НОРВІЛІШКЕС:

“З чым, з пустымі кішэнямі? Мне там нецікава, у той Швейцарыі. Я магу на дзень, на два паехаць і зноў вярнуцца. Хоць у нас і цяжка, я не мяняю сваёй Радзімы, ні за якія грошы. Калі я грамадзянка Літвы, я мушу застацца ў Літве”.

Лес літоўскай сялянкі Леакадзіі Гардзевіч (дарэчы, прозвішчы мясцовых жыхароў, і не толькі ў гэтай вёсцы, але і наагул у рэгіёне – на 90 адсоткаў беларускія ці польскія) – вельмі сумны і нават трагічны. 6 гадоў яна не бачыла ўласнага мужа, які застаўся па беларускі бок мяжы, у Піцкунах, і не мае магчымасці да яе прыехаць. Мясцовае начальства лічыць такую сітуацыю непрымальнай, але толькі разводзіць рукамі ад бездапаможнасці.

ЧЭСЛАВА МАРЦІНКЕВІЧ, СТАРАСТА Г. ДЗІЕВЯНІШКЕС:

Нам трэба сустракацца! Мы хочам, але не маем такой магчымасці. Трэба мець візу, а віза гэтая дарагая. Дарагая і з боку нашай дзяржавы і дарагая з таго боку. Такая нашая просьба: усё ж звярнуць увагу на нас і зрабіць гэтыя візы таннейшымі ды адчыніць нам мяжу”.

Жыхары вёскі Норвілішкес выжываюць за кошт хатняй гаспадаркі ды дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі памерам 80 еўраў на месяц. Такое ж няпростае жыццё, як яны мяркуюць, і ў беларускай частцы калісьці аднаго паселішча.

І ўсё ж, як нявесела жартуюць жыхары беларускіх Піцкуноў, жыць тут нашмат таней, чымся паміраць. Бо нябожчык перад тым, каб трапіць сюды, на вясковыя могілкі, што ўжо на тэрыторыі Еўразвязу, спачатку мусіць пераадолець (з дапамогаю сваякоў, вядома) доўгі апошні шлях да “афіцыйнага памежнага пункту”. І толькі потым вярнуцца на вечны спачын у родную вёску.

Алесь Сіліч, belsat.eu

Стужка навінаў