Расейскі сцяг цяпер і на Жданах (Фота)


Змагарам супраць сцягоў чужой дзяржавы цяпер давядзецца наведаць сталічны рынак «Ждановічы».

На Жданах расейскі сцяг узнялі на флагштоку, які ўзвышаецца пасярод вешакоў з адзеннем. Здымак зрабіў фатограф Уладзь Грыдзін.

Гучная гісторыя змагання з трыкалорамі пачалася ў траўні, калі грамадскі дзеяч і журналіст Кастусь Шыталь заўважыў іх на аўтобусе ў Віцебскай вобласці. Пра гэта ён зрабіў запіс у кнізе заўваг і прапановаў Глыбоцкай аўтастанцыі. Пасля сцяг прыбралі.

У кастрычніку гэткую ж аздобу неабыякавы грамадзянін Алесь Мазанік заўважыў ужо ў менскім гарадскім аўтобусе. Пасля таго, як ён паскардзіўся ў аўтапарк, кіроўцу загадалі прыбраць трыкалор і яшчэ і пазбавілі 15 % прэміі. Выпадак выклікаў шырокі рэзананс у інтэрнэт-супольнасці. Эстафету пераняў вядомы змагар за беларушчыну сталічны скульптар Генік Лойка. Дзякуючы яму трыкалор знік з гарадскога маршруту № 42.

1 лістапада сцяг Расейскай Федэрацыі ў аўтобусе «Калодзішчы–Менск» убачыў актывіст БХД Алесь Кутасаў. Справа скончылася затрыманнем актывіста, але сцяг у выніку таксама знік.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары