Гарадзенская сінагога выгарэла ўсярэдзіне, цудам ацалела Тора (фота, відэа)


Габрэйская супольнасць шукае валанцёраў: патрэбная дапамога, каб уратаваць гістарычны будынак.

Пажар у Вялікай харальнай сінагозе ў Горадні здарыўся ўначы 27 лістапада. Згарэла перакрыцце паміж другім і трэцім паверхамі. У полымі цудам ацалеў скрутак Торы.

{movie}Гарыць гарадзенская Сінагога|right|13482{/movie}

Паведамленне пра пажар гарадзенскія ратавальнікі атрымалі а 3-й гадзіне ночы – пра дым паведамілі міліцыянты, што праязджалі побач з будынкам. Агонь гарэў на другім паверсе ў памяшканні сталовай. Паводле Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, найбольш імаверная прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення (загарэлася сажа ў дымаходзе). Людзі падчас пажару не пацярпелі.

Прадстаўнікі габрэйскай супольнасці ў Горадні просяць пра валанцёрскую дапамогу – трэба дапамагчы прыбраць наступствы пажару і адпампаваць ваду з будынку. Цягам дня ахвотныя могуць прыйсці да сінагогі ды дапамагчы ўратаваць гістарычны будынак.

Вялікая харальная сінагога ў Горадні – гэта дзейная бажніца ў цэнтры гораду, вядзе сваю гісторыю з XVI стагоддзя. Цяперашні будынак быў узведзены ў 1902 годзе, ён прызнаны гістарычна-культурнаю каштоўнасцю. У перыяд нямецкай акупацыі сінагога, якая месцілася ў цэнтры габрэйскага гета, служыла нацыстам для збору габрэяў перад адпраўкаю ў канцлагеры. У савецкі перыяд (1944–1991 гг.) будынак выкарыстоўвалася ў якасці складу.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў