Першы снег і 125 сутыкненняў у Менску


https://youtu.be/b_pMSwXZLLU
Хтосьці вітае першы снег, іншыя – змагаюцца з наступствамі непагоды. З-за мокрага снегу і ветру напярэдадні без электрычнасці засталіся 400 населеныя пункты. Праблемы ўзніклі і ва ўдзельнікаў дарожнага руху. Ці гатовыя мы да зімы?

Першы снег – як снег на галаву. Такі каламбур у нас штогод. Зіма, якая ўчора ўвечары накрыла Беларусь мяцеліцаю, коўзанкаю ды снежнаю кашаю на дарозе, справакавала істотнае пагаршэнне руху.

{movie}Зімовы неспакой (26.11.2013)|right|13479{/movie}Толькі ў сталіцы 25 лістапада колькасць дробных аварыяў вырасла роўна ўдвая – адбылося 125 розных сутыкненняў, на шчасце, без ахвяраў. У абласным аддзяленні ДАІ кажуць, што ўсе былі папярэджаныя.

ПРЭСАВАЯ СЛУЖБА ДАІ МЕНГАРВЫКАНКАМУ:
«Рэкамендуем усім і рэкамендавалі да гэтага, недзе тыдні за два, каб усе дакладна падрыхтаваліся да зімы і змянілі свае апоны».

Аднак шмат хто з кіроўцаў надумаў «пераабуцца» толькі ўчора. Ужо зацемна на станцыях тэхабслугоўвання ўтварыліся чэргі.

МАКСІМ МАРЫНСКІ, ПРАЦАЎНІК СТА, МЕНСК:
«Чаргі не было, людзі не прыязджалі, чакалі, вядома, калі снег з’явіцца. А вось выпаў снег – і ўсе паехалі. Бачыце, якія ў нас чэргі вялікія? Наогул зімовая гума працуе пры пяці градусах цяпла, таму лепш было б, каб людзі прыязджалі ды «пераабуваліся» загадзя».

Сёння эпапея працягваецца, і кіроўцы, якія раней цягнулі са зменаю гумы праз працоўную загружанасць, вымушаныя прапускаць працу, каб усталяваць бяспечныя апоны. Станцыі тэхабслугоўвання працуюць з дадатковаю сілай. І гэтак – па ўсёй краіне.

КІРОЎЦЫ, ПІНСК:
«Апонамантажоў, здавалася б, дастаткова ў горадзе, але вялікая чарга, доўга чакаць давядзецца».
«Так у нас у крыві, разумееце. Як што баліць, мы да дактароў не ідзем, а калі мы ўжо на насілках, тады лечымся. Гэтак сама з гумаю».
«Ведаю, што зусім няслушна я зрабіла. І гэтак штогод!».

Цяпер жа не памарудзіш. Ужо сёння ўначы, паводле сіноптыкаў, па ўсёй краіне ўсталюецца мароз – да мінус васьмі. Традыцыйна ў прагнозе – гэткія непажаданыя для аўтамабілістаў завея і галалёдзіца.

ПРАЦАЎНІК СТА, МЕНСК:
«Людзі не думаюць пра свой далейшы лёс. Паглядзіце, што адбываецца на дарогах! У апошні момант «пераабуваюцца»!».

Апроч змены апонаў, прырода патрабуе ад кіроўцаў пільнасці ды абмежавання хуткасці. Асабліва гэта істотна там, дзе можна добра паскорыцца. Найбольш аварыйна небяспечныя ў снегапад трасы, яны цяпер асабліва слізкія.

Адэля Дубавец, «Аб’ектыў», belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары