Беларускія мядзведзі перад спячкаю палявалі на дзічыну і кралі мёд


Бурыя мядзведзі, якія насяляюць беларускія лясы, з пачаткам халадоў пачалі рыхтавацца да спячкі.

«Першы снег стаў сігналам таго, што мядзведзі пачалі шукаць сабе бярлогі. Мяркуючы з надвор’я, яны мусяць залегчы ў зімовую спячку ў класічныя тэрміны – да пачатку снежня», – паведаміў агенцтву «Интерфакс-Запад» Валерый Іўковіч, намеснік дырэктара ў навукова-даследчай працы Бярэзінскага біясфернага запаведніку.



Бліжэйшымі днямі леснікі запаведніку адправяцца ў экспедыцыю, каб пераканацца, ці ёсць мядзведжыя сляды на снежным покрыве. Бо адсутнасць слядоў – гэта прыкмета таго, што мядзведзі ўжо ўлегліся ў бярлогі, сказаў навуковец.

Паводле яго, «цёплая восень, якая была сёлета ў Беларусі, дазволіла мядзведзям добра падрыхтавацца да зімовай спячкі». «Яны ўдосталь наеліся салодкіх каранёў, ягадаў», – адзначыў спадар Іўковіч. Тым не менш адмысловец нагадаў, што «мядзведзь – драпежнік, і перад доўгаю зімоваю спячкаю кожны з іх імкнецца нагуляць тлушч – заваліць дзіка, лася, казулю».

Асабліва добра падрыхтаваўся да зімовай спячкі адзін з мядзведзяў, што жыве ў Бярэзінскім запаведніку, расказаў Валерый Іўковіч. Цягам двух апошніх месяцаў жывёліна рэгулярна здзяйсняла набегі на пасеку і раскрывала вуллі з мёдам. Гаспадар пчальніка ўсяляк спрабаваў адвадзіць ад свайго мёду хітрага маладога мядзведзя, але звер быў не з палахлівых і здзейсніў некалькі набегаў на іншыя пасекі.

У цяперашні час у Беларусі налічваецца 100–120 мядзведзяў. Самая вялікая папуляцыя жыве ў Віцебскай вобласці, на тэрыторыі якой і размяшчаецца Бярэзінскі запаведнік – у ахоўнай зоне знайшлі прытулак 30 касалапых.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў