Глыбоцкая міліцыя палічыла незалежных журналістаў махлярамі ў вышуку


Недалёка ад Глыбокага міліцыянты затрымалі карэспандэнта газеты «Новы час» Вячаслава Пяшка і фрыланс-журналістку Насту Рэзнікаву, якія ехалі здымаць відэасюжэт для сайту газеты.

Паводле звестак прэс-службы Беларускай асацыяцыі журналістаў, аўтамабіль, якім кіраваў Пяшко, даішнікі спынілі на ўездзе ў горад. Праверыўшы дакументы, міліцыянты заявілі, што іх «насцярожвае нумар кузава машыны». Потым спраўдзілі змесціва багажніка і папрасілі журналістаў прайсці ў пастарунак. Міліцыянты патлумачылі, што вонкава аўтамабіль і журналісты нібыта падыходзяць пад апісанне махляроў, якія ў вышуку.

У РАУСе журналістаў па чарзе апыталі, а праз паўгадзіны адпусцілі, папярэдне перапісаўшы пашпартныя звесткі і нумары тэлефонаў.

Журналісты папрасілі паказаць ім арыенціроўку, паводле якой міліцыянты прынялі іх за злачынцаў. Праваахоўнікі на кампутары прадэманстравалі ім нейкі дакумент з агульным апісаннем мужчыны “еўрапейскай аблічнасці”, а раздрукаваць гэты дакумент адмовіліся.

Пасля вызвалення Пяшко паведаміў прэс-службе БАЖ, што ўся сітуацыя «выглядала досыць падазрона».

МЯ, паводле БелаПАН, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары