«Выжылі, бо бацька схаваў збожжа»


У апошнія дні лістапада Украіна згадвае ахвяраў Галадамору. Сёлета 80-я гадавіна гэтай трагедыі. Антон Бушынскі, які 6-гадовым хлопчыкам перажыў голад пачатку 1930-х гадоў, распавёў «Белсату», якім было жыццё, калі на стале не было і кавалка хлеба.

Галадамор – масавы голад, што ахапіў Украіну ды іншыя тэрыторыі СССР у 1932–1933 гады праз дзяржаўную палітыку і неўраджай. Ахвярамі голаду, згодна з рознымі падлікамі, сталі ад 4 да 9 мільёнаў чалавек. У 2006 годзе Вярхоўная Рада Украіны прызнала Галадамор актам генацыду ўкраінскай нацыі.

Калгасы і неўраджай – вось і не стала ў людзей хлеба

Спадару Антону 86 гадоў. Ён даўно жыве ў Беларусі, у Бабруйску. Але нарадзіўся і правёў дзяцінства і юнацтва ва Украіне, у вёсцы Завадаўка Вінніцкай вобласці. Калі пачаўся голад, Антону было 6 гадоў, але атмасфера таго часу і страшныя аповеды пра тое, як паміраюць навокал людзі, трывала адклаліся ў дзіцячай памяці ды засталіся на ўсё жыццё.

Сям'я Бушынскіх каля свайго дому напрыканцы 30-х гадоўСям’я Бушынскіх каля свайго дому напрыканцы 30-х гадоў«Тады пачалі арганізоўваць калгасы. У майго бацькі быў конь, поле. Каня з фурманкаю вымусілі здаць, – успамінае спадар Бушынскі. – А яшчэ ў тыя гады – у 1932-м і 1933-м – не было ўраджаю. Адно з другім супала – калгасы і неўраджай, вось у людзей і не было хлеба».

«Хадзілі атрады адмысловыя, вышуквалі, у каго якое было збожжа, і забіралі апошняе, што людзі мелі. Казалі, што для гораду, – працягвае аповед відавочца Галадамору. – Асабліва страшны быў голад у 1933 годзе. Шмат было бандытызму, бо людзі галодныя забівалі адзін аднаго. Паміралі з голаду».

Сям’я спадара Антона выжыла дзякуючы кемлівасці ды смеласці ягонага бацькі, а яшчэ ўратавала карова.

«Бацька мой збожжа завёз і схаваў у лесе. А яшчэ карова ў нас была, якая давала больш за вядро малака. Тады кралі часта кароваў. Але ў майго бацькі на сцяне заўсёды вісела стрэльба, і злодзеі баяліся яго. Таму мы – а нас было сем дзяцей у сям’і – і выжылі».

«А памірала тады шмат людзей, – кажа наш суразмоўца. – Побач з нашым домам памерла ўся сям’я. У суседняй вёсцы, Метанаўцы, восем хатаў вымерлі цалкам. Распавядалі, што заходзіш у дом – а там людзі апухлыя з голаду, і мёртвыя нават ляжаць. Казалі, што елі нават людзей. Я такога сам не бачыў, але памятаю, што шмат гэтага распавядалі».

«Елі лісце ліпы і лебяду»

Спадар Антон распавядае, што большасць людзей паміралі зімою – увесну і ўлетку ратавалі лес і рэчка. «Памятаю, што елі лісце ліпы і лебяду. А яшчэ хадзілі на рэчку, Буг, і лавілі там малюскаў. На жорнах малолі зерне ўпотайкі, дадавалі туды бульбу, увесну – лебяду, лісце рознае, і пяклі… Называлі хлебам, але ж гэта не хлеб быў, назва адна. Мяса на стале зусім не было. У людзей тады не засталося ні свіней, ні курэй нават».

Голад скончыўся, паводле спадара Антона, у 1934 годзе.

«Як калгасы ўжо арганізавалі, людзі пачалі там працаваць, ды і ўраджай быў лепшы. Але потым іншая бяда прыйшла – 1937–1938 гады, калі пачалі забіраць невінаватых. Савецкая ўлада была з аднаго боку карысная, а з іншага – забойца, бо знішчыла мільёны невінаватых людзей», – задумліва пасумаваў спадар Бушынскі.

Ігар Кузняцоў: І ў Беларусі быў і голад, і нават людзей елі

Спадар Антон кажа, што людзі на пачатку 1930-х гадоў галадалі не толькі ва Украіне, але і ў Расеі, і ў Беларусі. Гэта пацвярджае беларускі гісторык Ігар Кузняцоў: «Памыляюцца тыя, хто з аптымізмам кажуць, што нас Галадамор не закрануў. У Беларусі голад быў, і хоць маштабы не такія трагічныя, як ва Украіне, але і ў нас была зарэгістраваная не адна тысяча выпадкаў смерці ад голаду, толькі што публічна гэта не агучвалася».

Ігар Кузняцоў спасылаецца на даследчыцу гісторыі ў вусных успамінах Ірыну Раманаву, якая ў публікацыях прыводзіць нават выпадкі людажэрства ў Беларусі ў тыя часы. Але да сённяшняга дня невядомыя маштабы, бо лічбы хаваліся і фальсіфікаваліся, не хапае дакументаў.

Спадар Кузняцоў лічыць няправільным стаўленне да Галадамору як да генацыду выключна ўкраінскай нацыі, бо страшна галадалі людзі таксама ў Паволжы, Казахстане. Мэтаю было, паводле гісторыка, не вынішчыць украінскі народ, а забраць хлеб там, дзе яго найбольш, і прадаць за валюту, каб праводзіць індустрыялізацыю краіны. І тут не было прынцыпу – украінцаў мучым голадам, а астатніх – не. Гэта трэба разглядаць як агульную трагедыю людзей у Савецкім Саюзе.

«У нас, калі згадваюць ахвяраў рэпрэсій, кажуць пра 1937 год, але нічога пра тых, хто памёр ад голаду на пачатку 1930-х гадоў, але ж гэта таксама рэпрэсіі, – зазначае гісторык. – Варта браць прыклад з украінцаў, якія робяць шмат намаганняў, каб пра ахвяраў злачынстваў СССР не забываліся».

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў