Макей паедзе ў Вільню


Не на самым, але на высокім узроўні будзе прэзентаваная Беларусь на саміце “Усходняга партнёрства”. Дэлегацыю ачоліць кіраўнік Міністэрства замежных справаў. На сустрэчы ў Вільні Уладзімір Макей спадзяецца дамагчыся зняцця эканамічных санкцыяў і нармалізаваць дачыненні з Еўропаю. Ці атрымаецца, і чаго варта спадзявацца на віленскім саміце?
{movie}Бескампраміснае партнёрства (25.11.2013) |right|13464{/movie}
Віктар Януковіч удзельнічае ў саміце “Усходняга партнёрства”! Аляксандр Лукашэнка – не. Але пуста, як у 2011 годзе, за таблічкаю “Belarus” не будзе.

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ: “Лукашэнка не можа паехаць на саміт “Усходняга партнёрства”, бо ён у спісе неўязных у краіны Еўразвязу. Такую забарону знялі для Макея, і ў прынцыпе было натуральна, што паедзе менавіта Макей”.

У Вільню міністр замежных справаў паедзе з нязменнаю пазіцыяй у пытанні свабодных выбараў і галоўнага – вызвалення палітвязняў.

УЛАДЗІМІР МАКЕЙ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ: “Еўразвяз высоўвае гэтае пытанне ў якасці галоўнага чакання ад нас. У сваю чаргу, мы лічым галоўнаю праблемаю ўведзеныя супраць нас санкцыі. Калі сёння мы не ў стане вырашыць абедзвюх гэтых праблемаў (хоць у найбліжэйшай будучыні мусім), давайце працаваць у тых галінах, дзе гэта магчыма”.

У галіне фінансаў, эканомікі, культуры, але не палітыкі… У планах таксама распавесці пра стаўленне афіцыйнага Менску да інтэграцыйнай праграмы Еўразвязу з шасцю постсавецкімі краінамі.

АНДРЭЙ САВІНЫХ, ПРЭС-САКРАТАР МЗС:
“Правядзенне двухбаковых сустрэчаў кіраўніка беларускай дэлегацыі з прадстаўнікамі краінаў-чальцоў Еўразвязу і краінаў-партнёраў, а таксама з кіраўніцтвам еўрапейскіх структураў”.

Імя “паштальёна” не зменіць паслання Лукашэнкі, але важна, што Еўропа на гэта адкажа, лічыць адзін з запрошаных на форум апазіцыянераў – лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ: “Важна, каб гэтае пасланне змяшчалася ў адной фразе: “вызваленне і рэабілітацыя палітычных вязняў, сумленныя справядлівыя выбары”. Гэта галоўнае. Калі гэта прагучыць ясна і зразумела, то незалежна ад таго, Макей паехаў туды, Мясніковіч ці Сямашка, гэта другаснае пытанне”.

Але не для Крамля. Яшчэ 19 лістапада, падчас наведвання Масквы, Уладзімір Макей адмаўляў, што прыехаў па настаўленні да “Усходняга партнёрства”. Гаворка пра праграму аднак вялася. Сяргей Лаўроў раскрытыкаваў Еўразвяз.

СЯРГЕЙ ЛАЎРОЎ, КІРАЎНІК МЗС РАСЕІ (19.11.2013): “Акурат з таго боку аказваецца беспардонны ціск на фокусныя дзяржавы і робяцца заявы кшталту “Вы мусіце выбіраць – ці назад у цёмнае мінулае, ці з намі ў светлую будучыню”.

Не меншыя геапалітычныя амбіцыі Расеі выкрыла Украіна. На гэтым фоне палітолагі падкрэсліваюць…

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ:
“Беларусь удзельнічае ў пэўнай рэгіянальнай ініцыятыве, у якой не прысутнічае Расея. З гэтага гледзішча пакіданне палітычнай альтэрнатывы для нашае краіны ёсць вельмі важным”.

Важным калі не сёння, то на перспектыву.

Юлія Цяльпук, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў