«Еўрамайдан» трымаецца (Фота, відэа)


Дручкі, слезацечны газ, начныя сутычкі са спецназам не спынілі «Еўрамайдану». З самай раніцы ў цэнтры Кіева ізноў збіраюцца прыхільнікі еўрапейскай будучыні Украіны.

Нядзельны «Еўрамайдан» паводле ўкраінскіх медыяў сабраў дзясяткі тысячаў чалавек, некаторыя выданні паведамляюць, што колькасць удзельнікаў акцыі перавысіла 100 тысяч асобаў. На галоўныя плошчы выйшлі людзі і ў іншых украінскіх гарадах, пікеты адбыліся ля ўкраінскіх амбасадаў у розных краінах.

Мітынг на плошчы Незалежнасці быў санкцыянаваны ўладамі да 23-й гадзіны. Аднак у гэты час ніхто і не думаў разыходзіцца. Прыблізна а 23:30 украінскі спецназ і міліцыя спрабавалі разагнаць мітынг, які стаўся несанкцыянаваным, аднак маніфестанты аказалі супраціў і праваахоўнікам давялося адступіць.

{movie}Кіеў: сутычкі з “Беркутам” і міліцыяй|right|13446{/movie}

Раней адбыўся мітынг на Еўрапейскай плошчы, адкуль маніфестанты скіраваліся да Вярхоўнае Рады і Кабінету Міністраў. Там адбыліся сутычкі з байцамі спецпадраздзялення «Беркут». Спецназаўцы збівалі дэманстрантаў дручкамі і выкарыстоўвалі слезацечны газ. З боку маніфестантаў паляцелі камяні, некаторыя прынеслі з сабою газавыя балончыкі і таксама пачалі іх выкарыстоўваць у сутыкненнях.

Далей мітынгоўцы рушылі калонаю да будынку Адміністрацыі прэзідэнта, скандуючы «Рэвалюцыя!». Але трапіць на тэрыторыю адміністрацыі ім таксама перашкодзіў спецназ.

«Прэм’ера – у адстаўку, Украіну – у Еўразвяз!»

Удзельнікі «Еўрамайдану» прынялі рэзалюцыю, у якой пастанову ўраду не падпісваць Пагаднення аб асацыяцыі Украіны і ЕЗ назвалі «незаконным», а рэжым Януковіча – «антынародным» і «антыўкраінскім».

«Мы стаміліся ад здрад, расчараванняў і бяспраўя. Мы стаміліся ад шэрасці, безнадзеі, прадажнасці чыноўнікаў і суддзяў. Мы хочам жыць у нармальнай цывілізаванай еўрапейскай дзяржаве, дзе пануе свабода слова, павага да асобы і ейных правоў, дзе ўсе роўныя перад законам», – зазначаюць у рэзалюцыі.

Маніфестанты патрабуюць адстаўкі прэм’ер-міністра Украіны Мікалая Азарава за «здарду нацыянальных інтарэсаў» і склікаць пазачарговую сесію парламенту, каб разгледзець і ўхваліць усе неабходныя для еўраінтэграцыі дакументы. У тым ліку – законапраект, які дазваляе зняволеным праходзіць лячэнне за мяжою, што дасць магчымасць вызваліць з-за кратаў лідарку апазіцыі Юлію Цімашэнку.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў