Слуцкая міліцыя будзе правяраць, ці Партыя БНФ не парушыла закону


Лідара Партыі БНФ Аляксея Янукевіча і кіраўніка слуцкай партыйнай арганізацыі Віталя Амяльковіча апыталі ў Слуцкім РАУСе. Міліцыянты мяркуюць, што падчас акцыі памяці Слуцкага збройнага чыну магло быць парушанае заканадаўства.

Янукевіч і Амяльковіч былі заяўнікамі сённяшняга мітынгу ў Слуцку, санкцыянаванага мясцовымі ўладамі. «У РАУСе склалі пратакол апытання ў сувязі з тым, што пасля заканчэння нашага мітынгу частка яго ўдзельнікаў накіравалася ў бок краязнаўчага музею, дзе працягваўся мітынг, арганізаваны Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй БНФ. Паводле міліцыі, у гэтым праглядаюцца прыкметы парушэння Закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў у частцы несанкцыянаванага шэсця», – распавёў спадар Янукевіч.

У РАУСе арганізатары акцыі прабылі прыкладна гадзіну. Ім заявілі, што правядуць правяранне на прадмет магчымага парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Мітынг, зарганізаваны Партыяй БНФ, прайшоў на гарадскім стадыёне з 14:00 да 15:00. Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ праводзіла свой мітынг – каля Слуцкага краязнаўчага музею, за некалькі сотняў метраў ад стадыёну. У абодвух мерапрыемствах узялі ўдзел па некалькі дзясяткаў чалавек.

Слуцкі збройны чын 1920 года быў спробаю абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку. Цягам месяца, у лістападзе–снежні, вайсковыя атрады, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціўленне савецкім войскам, якія наступалі.



МЯ, паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў