Бабруйскія актывісты: Праймэрыз толькі заблытаюць людзей


Апазіцыя хоча правесці пробныя праймэрыз у Бабруйску, спалучыўшы іх з выбарамі ў мясцовыя саветы на пачатку 2014 года. Сёння мусяць вызначыць ініцыятыўную групу. Аднак не ўсе дэмакратычныя актывісты ў Бабруйску ўпэўненыя, што праймэрыз увогуле трэба.

Анатоль Лябедзька: «Мэта праймэрыз – выбраць лідара лідараў»

Як зазначае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, бабруйскія праймэрыз – пробныя і мусяць паказаць жыццяздольнасць ідэі. Абралі Бабруйск, бо той недалёка ад Менску і мае, паводле лідара АГП, «дастаткова дзеяздольную кааліцыю, якая б магла гэта арганізаваць і правесці».

Дасюль невядома, сярод каго будуць выбіраць бабруйчане. Паводле Анатоля Лябедзькі, спіс кандыдатаў – пытанне другаснае: «Вядзецца не столькі пра кандыдата на прэзідэнцкую кампанію 2015 года. Нашая задача –выбраць лідара лідараў прыхільнікаў пераменаў».

За правядзенне праймэрыз у Бабруйску выступаюць АГП, партыя левых «Справядлівы свет», ініцыятыва «За сумленныя выбары». Самыя ж бабруйчане пакуль не вызначыліся, ці трэба ім праймэрыз.

Актывістка РЭП: «Няхай Лябедзька з намі пройдзе па кватэрах»

Праймэрыз – гэта першаснае, падрыхтоўчае галасаванне, падчас якога абіраюць адзінага кандыдата ад палітычнай партыі. У беларускіх умовах мэта працэдуры праймэрыз – абраць адзінага кандыдата ад апазіцыі.
З гэтай ідэяй дэмакратычныя сілы ўжо выступалі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Тады ў якасці пляцоўкі для праймэрыз прапаноўвалі Воршу. Але дамоўленасці ўнутры апазіцыі дасягнуць не атрымалася, і праймэрыз гэтак і не правялі.

Падтрымлівае ідэю праймэрыз старшыня бабруйскай ячэйкі АГП Віктар Бузінаеў: «Мы маем ужо 14 валанцёраў, гатовых далучыцца да кампаніі. Яшчэ вядуцца дыскусіі, бо шмат хто не разумее сэнсу і мэтаў. Але я лічу, што не разумеюць тыя, хто нічога не робіць».

Спалучэнне праймэрыз з мясцовымі выбарамі, паводле актывіста АГП, вельмі зручны варыянт, бо «так будзе прасцей хадзіць па кватэрах, распаўсюджваць агітацыйныя матэрыялы, размаўляць з людзьмі і тлумачыць сітуацыю ў краіне».

Аптымізму Бузінаева не падзяляюць бабруйскія сацыял-дэмакраты. «Я не бачу канчатковага выніку і не да канца разумею механізму выканання ідэі, – дзеліцца меркаваннем лідар сацыял-дэмакратаў Бабруйску Юрый Грынявецкі. – Людзі паставяць подпісы, а куды яны пойдуць галасаваць? Ды іх нікуды не пусцяць, паўсюль ужо будзе міліцыя. У поспех праймэрыз не надта веру. Але нікому перашкаджаць ці агітаваць супраць мы не збіраемся».

«Спіс кандыдатаў павінен быць канкрэтным, – мяркуе сябра «Грамады» Уладзімір Чабан. – Калі Павал Севярынец, напрыклад, не зможа балатавацца ў прэзідэнты, то як ён можа быць у спісе? Навошта людзей блытаць?».

Не верыць у поспех праймэрыз Галіна Смірнова, каардынатарка прафсаюзу РЭП: «Не веру, што людзі падтрымаюць. Мая прапанова такая – як Лябедзька ды іншыя гэта прыдумалі, то няхай прыедуць, пройдуць разам з намі па кватэрах, паразмаўляюць з людзьмі, патлумачаць, што яны хочуць. Калі людзі будуць іх слухаць, тады будзем працаваць».

«Як спалучыць праймэрыз з мясцовымі выбарамі, то ў нашых выбарцаў будзе такая блытаніна ў галовах, што яны ўвогуле нічога не зразумеюць, – мяркуе Таісія Кабанчук, каардынатарка БХД у Бабруйску. – У нас жа большасць увогуле не ведае, ні што такое праймэрыз, ні апазіцыйных лідараў».

Аляксандр Класкоўскі, фота belsat.euАляксандр Класкоўскі, фота belsat.euАляксандр Класкоўскі: Лідара не абіраюць

«Гэта нейкая складаная задума з іншаземнай амерыканскай назвай. Само слова «праймэрыз» будзе адпуджваць, бо 80 % не ўяўляюць, што гэта такое, і гэта цяжка будзе растлумачыць», – мяркуе палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Паводле адмыслоўцы, у больш спрыяльным становішчы – «Народны рэферэндум» як бліжэйшы да людзей і больш зразумелы. У той жа час пагрозу поспеху абедзвюх кампаніяў эксперт бачыць акурат у падзеленасці і раз’яднанасці апазіцыі.

Палітолаг падкрэслівае, што ідэя праймэрыз недапрацаваная і мае шэраг аргументаў супраць. Апрача таго, спадар Класкоўскі звяртае ўвагу, што лідара не выбіраюць: «Сапраўдны лідар дэ-факта ім становіцца. Пакуль апазіцыя – маргінальная група з малым рэйтынгам, каго б яны там і якімі б механізмамі не вызначалі, гэта не будзе той чалавек, які рэальна можа павесці за сабою шырокую масу і скласці альтэрнатыву ўладзе. Пытанне не толькі ў тым, каб унутры апазіцыйнай тусоўкі вызначыць некага, а каб рэальна запусціць механізм уплыву на масы. А вось пра гэта, мне здаецца, мала думаюць і ў адной, і ў другой кааліцыі».

Марына Маўчанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары