У Рагачове з’явіўся 4-метровы помнік згушчанцы! (Фота)


З нагоды 75-годдзя ААТ «Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат» у горадзе ўрачыста адкрылі адзіную ў свеце скульптурную кампазіцыю, прысвечаную згушчанаму малаку.

Скульптуру вышынёю чатыры метры, якая ёсць дакладнаю копіяй сіне-блакітнай банкі згушчанага малака, выканалі ў тэхніцы мазаікі з каляровага шкла. Аўтар працы – мастак-манументаліст, працаўнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Глеб Отчык, які перамог у конкурсе эскізаў.

«Дзякуючы гэтаму натуральнаму прадукту, знаёмаму з дзяцінства, прадукцыя Рагачоўскага МКК стала вядомая шмат у якіх краінах свету, – заявіў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця скульптуры генеральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Цеплякоў. – Наш калектыў і жыхары Рагачова ганарацца згушчаным малаком. У аб’ёме вытворчасці гэтага прадукту сёлета мы сталі самым буйным вытворцам на Еўраазіяцкім кантыненце».

«Мазаіка ў шкле – гэта першы аб’ект у Беларусі, дасюль у экстэр’еры гэтай тэхнікі нідзе не выкарыстоўвалі. Гэта ручная праца – кожнае шкельца наразалі і падбіралі ўручную, таму стварэнне кампазіцыі было вельмі працаёмкім працэсам», – адзначыў Глеб Отчык.

Падчас цырымоніі ўручылі прызы пераможцам конкурсу на найлепшую оду згушчанаму малаку. А ў аснову помніку заклалі капсулу з пасланнем да нашчадкаў, якую завяшчалі ўскрыць да 100-годдзя камбінату.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары