Зачысткі непажаданых менчукоў


https://youtu.be/ElGppATy5_c

Поўнаю хадою ідуць рыхтаванні да травеньскага чэмпіянату свету па хакеі. Адмысловыя білборды і эмблемы ўпрыгожваюць сталічныя вуліцы. Аднак чысціню наводзяць не толькі камунальнікі, але і праваахоўнікі. А пад зачысткі трапляюць гэтак званыя непажаданыя элементы. У часе адной з іх бяздомніка Сяргея Несцярэнку ледзь не пахавалі жывым.

{movie}Зачысткі непажаданых менчукоў|right|13441{/movie}

Выпадкі, калі чалавека прызнавалі памерлым і нават адвозілі ў морг ці на могілкі, а ён аказваўся жывым, – надзвычай узрушальныя. А таму заўсёды атрымліваюць розгалас. Гэткае паўстанне з мёртвых адбылося і ў Менску. Толькі гісторыя нашага героя не трапіць на першыя палосы дзяржаўных газет. Бо менавіта на ўказ уладаў і распачалася зачыстка людзей, што не ўпрыгожваюць вулічныя ландшафты сталіцы. Сярод іх аказаўся і бяздомнік Сяргей.

ЗНАЁМЫ СЯРГЕЯ НЕСЦЯРЭНКІ:
«Яго забрала міліцыя, прыйшоў увесь збіты і праз дзень ён памёр там у кантэйнеры».

Як бяздомнік, што жыў у каморцы ля сметніка. Раней жа Сяргей Несцярэнка быў героем, яго двойчы ранілі ў Афганістане. А калі ён вярнуўся на радзіму, то дому свайго не знайшоў. Ціхі ж і спакойны з натуры, змагацца за месца пад сонцам у мірны час не стаў, а проста жыў, зарабляючы збіраннем бутэлек і макулатуры.

МЯСЦОВЫЯ ЖЫХАРЫ:
«Ён нікога не чапаў ніколі, ніколі не краў, нікога не крыўдзіў, не буяніў, не прыставаў, нават не прасіў ніколі, проста стаяў. Сам хто дасць, на гарбату рубель які кіне».

З гэтымі скамечанымі рублямі Сяргей прыйшоў у мясцовы гастраном «Асаблівы». Але гэткі «асаблівы» госць прыйшоўся не даспадобы адміністрацыі.

АДМІНІСТРАЦЫЯ ГАСТРАНОМУ «АСАБЛІВЫ»:
«І бутэлькамі кідаўся, і ў сметніках рыўся, мы не ведалі, што рабіць, – міліцыю выклікаць?».

Такое тлумачэнне прадстаўнікоў адміністрацыі нам удалося запісаць на схаваную камеру. Жыхары ж прылеглых дамоў кажуць, што Сяргей агрэсіўным ніколі не быў.

МЯСЦОВЫЯ ЖЫХАРЫ:
«Яны не хацелі, каб ён увогуле заходзіў у краму, каб ён там сядзеў, ён толькі заходзіў, каб гарбаты папіць. На вуліцы халодна, таму ён заходзіў пагрэцца».

Няўдалае піццё гарбаты скончылася ў Ленінскім РАУСе сталіцы, які праз метады працы міліцыянтаў даўно ўжо назвалі тэрыторыяй катаванняў.

АНДРЭЙ БАНДАРЭНКА ПРАВААБАРОНЦА:
«Яны пачынаюць спускаць сваё зло на асобах без пэўнага месца жыхарства або якія стаяць на нейкім уліку. І менавіта ў Ленінскім РАУС фіксуецца больш за ўсё выпадкаў, калі да гэтых людзей ужываюцца катаванні».

З Ленінскага РАУСу Сяргея Несцярэнку забрала хуткая дапамога. Ачунялага ў шпіталі медыкі яго адпусцілі да гэтак званага дому. Ён распавёў сябрам пра збіццё міліцыянтамі, а на раніцу – без прыкметаў жыцця яго знайшла дворнічыха.

МЯСЦОВЫЯ ЖЫХАРЫ:
«Удвая шкада. Навошта гэтых бамжоў? Яны і так бедныя! Забіваць?!».

Так Сяргей трапіў у морг. Там, аднак, …уваскрос. Медыкі ж ізноў ад яго пазбавіліся.

ЗНАЁМЫ СЯРГЕЯ НЕСЦЯРЭНКІ:
«У якім стане ён з’явіўся! Ён літараю «Г» ішоў».

Халодны, каторы дзень галодны, ён ізноў прыйшоў усё ў тую ж кавярню.

ЗНАЁМЫ СЯРГЕЯ НЕСЦЯРЭНКІ:
«З усіх сталоў недаедзеную ежу сабраў, у куток сабе паклаў, сеў і есць».

І паводле таго ж адпрацаванага сцэнара Сяргея забралі ў міліцыю.

МЯСЦОВЫЯ ЖЫХАРЫ:
«Яго ўжо некалькі разоў забіралі, і ён казаў: «Дубінаю даюць і а другой гадзіне ўначы выкідаюць з міліцыі». Мне асабіста ён так скардзіўся».

Ці адпусцяць гэтым разам і ці не здарыцца сапраўдная трагедыя? Прынамсі выпадкі такія, звязаныя з гэтым пастарункам, былі неаднойчы. Знаёмцы Сяргея дзеляцца страшнымі звесткамі.

ЗНАЁМЫЯ СЯРГЕЯ НЕСЦЯРЭНКІ:
«Я ведаю яшчэ два такія выпадкі. Той жа самы Ленінскі раён. Пабілі, але там зусім малады, гадоў 35. А другога знайшлі ў сметніку, яго, відаць, проста туды выкінулі».
«Тут па раёне чыстка была ўжо разы тры ці чатыры. Прыязджае сціпленькі аўтобусік такі з занавешанымі вокнамі, выходзіць АМАП і пачынае шарсціць па раёне, забіраюць усіх абсалютна, хто ім не спадабаецца».

Пацвярджаюць гэтыя гісторыі і расследаванні праваабаронцаў.

АНДРЭЙ БАНДАРЭНКА, ПРАВААБАРОНЦА:
«Перад чэмпіянатам свету мы ўжо цяпер фіксуем дастаткова шмат выпадкаў, калі працаўнікі міліцыі не спыняюцца ні перад чым і выконваюць нейкі негалосны ўказ для таго, каб прыбраць, ачысціць сталіцу».

Бадай і самыя жыхары ды госці сталіцы не хочуць, каб на кожным кроку папрашайнічалі бяздомнікі. Не хочуць і ва ўтульнай кавярні сядзець побач з бамжом. Але непрымальная і мэта ўладаў – прымусова ачышчаць гарадскія ландшафты ад непажаданых ім элементаў. Што ўжо казаць пра метады, калі пабітых лёсам людзей дабіваюць праваахоўнікі.

Вольга Старасціна, «Аб’ектыў»

Глядзі таксама
Каментары