Слуцкі збройны чын. Памятайма пра герояў! (+ фотарэпартаж, дак. фільм)


У Слуцку адбываюцца ўрачыстасці з нагоды гадавіны Слуцкага паўстання ў 1920 годзе. Партыя БНФ зарганізавала паездку з Менску ў Слуцк, дзе з 14-й да 15-й гадзінаў на гарадскім стадыёне мусіць прайсці дазволены ўладамі мітынг у сувязі з угодкамі паўстання. Па дарозе плануюць заязджаць у вёскі, звязаныя з падзеямі тых гадоў.

Паўстанне супраць бальшавіцкай навалы

Некалькі тысяч беларусаў пад бел-чырвона-белым сцягамі ды «Пагоняю» са зброяй у руках баранілі ад бальшавікоў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына!» – сцяг з такім надпісам і Пагоняю перадалі паўстанцам з Горадні, пад гэтым сцягам паўстанцы баранілі БНР.

Першыя баі з Чырвонай арміяй пачаліся 26 лістапада 1920 года. Слуцкая брыгада зрабіла некалькі паспяховых атак побач з вёскамі Капыль, Цімкавічы ды Вызна. Супраць беларускіх войскаў білася Омская дывізія бальшавікоў. Беларускія аддзелы мелі вельмі моцнае падтрыманне з боку мясцовага насельніцтва, але ім бракавала зброі ды амуніцыі.

Разгортваўся актыўны антыбальшавіцкі партызанскі супраціў. Да беларускіх аддзелаў далучалася больш і больш людзей. Слуцкая рада заклікала жаўнераў Чырвонай арміі пераходзіць на беларускі бок. Шмат жаўнераў гэтак і зрабілі, бо сярод іх было нямала расейскіх сялянаў, якія таксама не падтрымлівалі камуністаў. Бальшавікі былі вымушаныя кінуць супраць беларускага войска аддзелы з латышоў і кітайцаў.

Супрацьстаянне беларускіх паўстанцаў і Чырвонай Арміі скончылася паразаю случчакоў. Напрыканцы снежня стала ясна, што Беларускае войска больш не можа супрацьстаяць бальшавікам. На нарадзе ў Баранавічах пастанавілі спыніць ваенных дзеянняў і адвесці беларускія аддзелы на тэрыторыю, занятую палякамі. 28–31 снежня 1920 года больш за 1500 беларускіх жаўнераў і афіцэраў перайшлі польска-савецкую мяжу, былі раззброеныя польскімі ўладамі.

Незабытыя героі

У дзяржаўных медыях і на дзяржаўным узроўні пра Слуцкае паўстанне гавораць рэдка. Пра падзеі таго часу на замову «Белсату» ў 2008 годзе знялі дакументальны фільм «Слуцкі збройны чын» (рэж. Сяргей Ісакаў).

{movie}«Слуцкі збройны чын», дак. фільм |right|13442{/movie}

У фільме паказваюць падзеі лістапада–снежня 1920 года, постаці арганізатараў паўстання, большасць якіх сталі ахвярамі сталінізму, аднак некаторыя выбралі выгнанне і працягнулі барацьбу. Сярод іх – Лявон Рыдлеўскі, вучань Слуцкай гімназіі, які свядома далучыўся да паўстанцаў. Пасля здушэння паўстання ён апошні са свайго аддзелу перайшоў польскую мяжу. Пазней уступіў у французскае войска, бралі ўдзел у саюзным дэсанце ў Нармандыі. Пасля вайны яго выбралі на пасаду віцэ-прэзідэнта Рады БНР.

У фільме выкарыстаныя фрагменты мастацкага фільму «На чорных лядах» паводле аповесці Васіля Быкава. Вобраз удакладняюць таксама кадры з месца гістарычных падзеяў. Фільм багаты ўнікальнымі хронікамі і цытатамі з архіўных дакументаў. Гэта стварае ў гледача ўражанне прысутнасці, робіць яго сведкам легендарных падзеяў, знаёміць з іх удзельнікамі. Аднак перадусім глядач даведваецца, чаму случчакі ўзяліся за зброю і што баранілі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў