Кіно з вуснаў у вусны (ВІДЭА)


Напэўна, кожны трапляў у сітуацыю, калі трэба расказаць сюжэт фільму. І кожны ў залежнасці ад сваіх здольнасцяў і ўзроўню красамоўства рабіў гэта з розным поспехам. Расказваць кіно – гэта мастацтва. Больш за тое, гэта жанр кінематографу, прыдуманы ў 1980-я гады ў Беларусі.
І жанр гэты называецца «звуснае кіно» – кіно з вуснаў у вусны. На экране кіназалы, дзе паказваюць такія стужкі, вы не ўбачыце эфектных карцінак з галоўным героем, які цалуе ўратаваную прыгажуню на фоне газавай буравой у полымі. «Кіно з вуснаў у вусны», як кажа за сябе назва, паказваюць гледачам з дапамогаю іхнае ўласнае фантазіі. Вытворцы звуснага кінематографу даюць вам толькі словы, якія і апісваюць тое, што тэарэтычна магло б адбывацца падчас паказу звычайнай кінастужкі.
Каб разабрацца, што гэта за нестандартнае кіно, як яно ўзнікла і хто яго стваральнікі, мы наведалі Варшаўскі фестываль звуснага кіно.
Аўтарам ідэі распавесці палякам пра беларускае кінематаграфічнае ноу-хау выступіла аніматар культуры з Беларусі Алена Сіўцова: «Я ніколі не бачыла гэтага нажыва, менавіта таму і ўзялася за арганізацыю гэтага фестывалю. Арт-група «Беларускі клімат», якая прыдумала звуснае кіно, не пакінула пасля сябе ніякага следу. На іхную прыдумку забыліся. Яны не запісвалі сваіх фільмаў. І таму важна падзяліцца са светам іхнаю творчасцю. Важна паказаць, што нешта такое было ў Беларусі. У часы культурнага і фізічнага голаду (Першы фестываль звуснага кіно прайшоў 22 кастрычніка 1988 года ў пад’ездзе дому № 8 на сталічнай вуліцы Чырвонаармейскай, – belsat.eu).
Як нарадзілася звуснае кіно?
У Варшаву прыехалі тры рэжысёры (кожны прывёз свой фільм) і ўсе тры былі бацькамі гэтага неардынарнага жанру ў кінематографе. Што натхніла ўдзельнікаў арт-групы «Беларускі клімат» стварыць, як некаторыя могуць заўважыць, непаўнавартаснае кіно? Адсутнасць грошай? Духоўны парыў зрабіць нешта глыбейшае за прадукт думкі братоў Люм’ераў? Паэт Зміцер Строцаў, удзельнік «Беларускага клімату», знайшоў у звусным кінематографе свабоду: «Я магу ў любы час паказаць свой фільм сябрам і знаёмым. Магу дапрацоўваць яго гадамі. Я магу нават яго змяніць у працэсе паказу».
Новы чалавек – новае кіно
Нават калі ты не Цыцэрон і не гэтак умела можаш падабраць эпітэты і патрэбныя словы, каб цікава распавесці гісторыю, а дакладней – кінастужку, будзьце ўпэўненыя: звуснаму кінематографу гэта не зашкодзіць. Гэта будзе проста новы фільм. І кожны слухач такога кіно па-свойму ўбачыць кінастужку. Важна, каб у рэжысёра была душа актора.
«Звуснае кіно наўрад ці калісьці стане прафесійным жанрам. А мы ўсе баімся быць дылетантамі. Наўрад ці камусьці ўдасца зарабляць на гэтым грошы. Звуснае кіно добрае толькі ў фармаце выпадковай споведзі». Тут рэжысёр становіцца акторам», – зазначае яшчэ адзін госць Варшавы, майстар звуснага кінематографу Ігар Корзун.
{movie}Ігар Корзун пра вуснае кіно і стах паказаць сваё дылетантства |right|13444{/movie}
Глядзець вуснае кіно на відэа – гэта як займацца каханнем праз «Skype»
Кожны з гасцей фестывалю прэзентаваў публіцы свае фільмы. Паўнюткая зала чалавек на сто са здзіўленнем успрымала вусны беларускі кінематограф. Нясмешныя па сутнасці кінастужкі выклікалі ўсмешку на тварах – перакладчыкі імправізавалі і весялілі публіку. Некаторыя з тых, хто прыйшоў на фэст звуснага кіно, з іроніяй успрымалі тое, што адбывалася на сцэне. А на сцэне быў толькі перакладчыкі з расейскай і беларускай мовы і аўтар фільму. Зміцер Строцаў і Зміцер Плакс, які таксама наведаў фестываль, знялі, калі так можна сказаць, вельмі сюррэалістычныя кінастужкі: пачвары на свіных ножках, якія атачаюць памежніка, галоўны герой, які не бачыць сябе ў люстры, і яшчэ цэлы стос розных ледзь не псіхадэлічных кінасцэнаў. На жаль, паказаць гэтыя стужкі мы вам не зможам. На папяровых носьбітах іх няма, а глядзець звуснае кіно на відэа – гэта як займацца каханнем праз Skype.
{movie}Урывак вуснага фільму. Паказвае Зміцер Сторцаў. |right|13445{/movie}
P.S.
Кінапраслухоўванне доўжылася тры гадзіны. А паказ, як і мае быць у выпадках з кіно, адбыўся ў невялікай кіназале «Kino Lab». Усе тры гадзіны экран заставаўся белы. Але словы рэжысёраў не маглі не пакінуць каляровых плямінаў уражанняў у галовах і сэрцах тых, хто прыйшоў паслухаць кіно.
Актуальную інфармацыю пра дзейнасць арт-групы «Беларускі клімат» і інфармацыю пра бліжэйшыя кінапаказы можна знайсці ТУТ.
Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў