Як беларус зрабіў фотаздымкі ў Іраку і трапіў у турму


Падарожнік з Оршы Аляксандр Казлоўскі за 6 месяцаў аб’ехаў аўтаспынам палову Азіі ды напісаў аб сваім падарожжы дзве кнігі.

Беларус працаваў перакладчыкам у маскоўскай кампаніі ды аднойчы пастанавіў проста змяніць сваё жыццё. У яго гэта атрымалася і цяпер ён упэўнены, што для таго, каб падарожнічаць, апроч уласнага моцнага жадання, не трэба амаль нічога.

{movie}Як беларус зрабіў фотаздымкі ў Іраку і трапіў у турму |right|13417{/movie}Свае падарожжы Аляксандр пачаў з таго, што выязджаў на выходныя ў іншы горад. Даследаваў яго, шпацыраваў, а потым вяртаўся дамоў. Аднойчы яго наведала думка кінуць усё, узяць грошы, колькі меў, і паехаць, «куды вядуць вочы».

«Я падарожнічаў аўтаспынам. Праз Грузію, Азербайджан я даехаў да Ірану. Амаль даехаў да Арабскіх Эміратаў. То бок я быў у Персідскім заліве. Там пакупаўся троху і паехаў назад», – падзяліўся маладзён.

Прыехаўшы ў Тэгеран, хлопец зразумеў, што не ведае ніводнага слова на фарсі, мове, на якой размаўляюць насельнікі Ірану. Калі прачытаў з размоўніка фразу «Шукаю гатэль», яго адразу нехта хлопнуў па плячы, запрашаючы з сабою. Аказалася, што нейкі незнаёмы чалавек запрасіў яго пераночыць у сваім доме.



«Бачу незнаёмых людзей, а яны ўсе абдымаюць мяне. Крычаць: «Ура, адкуль ты?». Яны былі такія шчаслівыя, што мяне запрасілі. Я гляджу на іх і нават крыху баюся, бо як гэта так?» – падзяліўся падарожнік.

У Нінэўэ, сталіцу старажытнай Асірыі, нельга было проста так трапіць, але беларусу дазволілі туды пайсці. У горадзе быў размешчаны штаб іракскага войска, але падарожніку нават дазволілі рабіць там фатаграфіі ды паказалі сакрэтны падземны лаз. «Я звычайна падыходзіў да паставых, паказваў фотаапарат і гаварыў, што хачу сфатаграфаваць. І ён даваў мне дазвол. Аднойчы не было ў каго запытаць дазволу. Я сфатаграфаваў, а яны перапалохаліся і так выйшла, што мяне арыштавалі».

У іракскай турме Аляксандр быў тры дні. Яму ўдалося выслаць смс-паведамленні бацькам і звязацца з амбасадаю, працаўнікі якой дапамаглі яму вызваліцца.

«Адзін раз такі жыццёвы досвед павінен быць у кожнага», – мяркуе маладзён ды падкрэслівае, што шмат чаму навучыўся ў падарожжах.

Даведайцеся больш з праграмы «Рэпартэр», якую можна паглядзець на «Белсаце», а таксама падчас онлайнавай трансляцыі на нашай старонцы кожны чацвер а 20:30. Выданні праграмы даступныя ў нашым архіве.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў