Сёння – 50 гадавіна забойства Джона Кенэдзі. Ці быў тут «беларускі след»?


«Не веру, што Джона Кенэдзі забіў Лі Гарві Озўалд», – настойвае Станіслаў Шушкевіч, які вучыў расейскай мове меркаванага забойцу амерыканскага прэзідэнта.

Шлях у СССР

Лі Гарві Озўалд – адзіны афіцыйны падазраваны ў забойстве амерыканскага прэзідэнта Джона Кенэдзі. Згодна з высновамі следства, Озўалд 22 лістапада 1963 года здзейсніў тры стрэлы ў машыну прэзідэнта з шостага паверху кніжнага складу ў горадзе Дэлас. Згодна з высновамі следчых, ён «дзейнічаў у адзіночку і без парады або дапамогі».

{movie}Не веру, што Джона Кенэдзі забіў Лі Гарві Озўалд|right|13416{/movie}

Пасля звальнення з шэрагаў марскіх пяхотнікаў арміі ЗША ў 1959 годзе Освальд за свае грошы прыехаў у СССР праз Фінляндыю і папрасіў грамадзянства. Амерыканцу далі толькі часовыя дакументы, і тады, страціўшы надзею па адмовах, Лі Гарві парэзаў вены. Озўалда накіравалі ў ціхі ды спакойны Менск, дзе яго ўладкавалі токарам на Менскім радыёзаводзе і далі бясплатнае жыллё.

Сумаваў у Менску

Праз некаторы час амерыканцу стала сумна ў Менску. «Я пачынаю пераглядаць сваё жаданне застацца. Праца шэрая, грошай няма дзе траціць, няма начных клубаў і боўлінгу, няма месцаў адпачынку, апроч прафсаюзных танцаў. З мяне досыць», – напісаў ён у сваім дзённіку ў студзені 1961-га. Неўзабаве пасля гэтага Озўалд (які афіцыйна не адмовіўся ад грамадзянства ЗША) напісаў у амерыканскую амбасаду ў Маскве запыт на вяртанне яму амерыканскага пашпарту і выказаў жаданне вярнуцца.

У сакавіку 1961 года Озўалд пазнаёміўся з 19-гадоваю беларускаю, студэнткаю Марынаю Прусаковай, і менш чым праз шэсць тыдняў яны пабраліся. У лютым 1962 года ў Лі Гарві ды Марыны нарадзілася дачка Джун. Пазней сужэнства атрымлівае ў амбасадзе ЗША ў Маскве дакументы, якія дазваляюць ім эміграваць у Амерыку.

Не прызнаў віны

Лі Гарві Озўалд не прызнаў сваёй віны ў забойстве Джона Кенэдзі. «Я ні ў каго не страляў. Мяне затрымалі, бо я жыў у Савецкім Саюзе. Я проста казёл адкуплення!», – заявіў амерыканец неўзабаве пасля свайго арышту, сустрэўшыся з журналістамі ў калідоры. 24 лістапада, праз два дні пасля забойства Кенэдзі, пры перавозцы падазраванага ў іншую турму яго смяротна параніў уладальнік начнога клубу Джэк Рубі, што пабачыла ўся краіна на тэлебачанні ў наўпроставым эфіры.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі пра Озўалда

Станіслаў Шушкевіч падчас жыцця Лі Гарві Озўалда ў Менску выкладаў яму расейскую мову. «Я не лічу сябе псіхолагам і чалавекам, які добра разумее суразмоўніка, тым больш англамоўнага. Я дакладна цяпер не магу сказаць, колькі ў нас адбылося заняткаў: 7 ці 10. Але за гэты час, у такім кантакце, можна было крышку зразумець, што гэта за чалавек. Апрача таго, я спецыяльна з’ездзіў у Дэлас і паглядзеў на месца забойства. У мяне катэгарычна няма ніякага сумневу, што гэта добра спланаванае выдатнымі спецыялістамі забойства».

У Дэласе, адзначыў спадар Шушкевіч, забойства чалавека з іншымі поглядамі ды іншаю ацэнкаю рэчаіснасці – звычайная з’ява, бо яшчэ ў 40-ыя гады мінулага стагоддзя мафіёзі знішчалі там каталікоў і паліцыянтаў-афраамерыканцаў.

Фрагмент размовы са Станіславам Шушкевічам выкарыстаны з відэаматэрыялаў праграмы «Прасвет».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў