Хто выйграў у калійнай вайне?


Калійная вайна завяршаецца, палонных вызваляюць. Беларуская Генеральная пракуратура пастанавіла вярнуць Уладзіслава Баўмгертнера на радзіму. Адначасова з гэтым канчаюцца і перамовы пра змену ўласніка «Уралкалію». Хто ж перамог у канфлікце і ці ёсць будучыня ў расейска-беларускага калійнага картэлю?

{movie}Баўмгертнера вернуць (21.11.2013) |right|13412{/movie}За той час, што генеральны дырэктар «Уралкалію» правёў у Менску, ягонае не самае простае прозвішча вывучыў кожны, хто сачыў за калійнаю справаю. А пачалася яна 30-га чэрвеня, калі расейскі топ-менеджар заявіў пра разрыў бізнесовага саюзу з «Беларуськаліем». Тады распаўся расейска-беларускі картэль, што кантраляваў ажно 40 % сусветнага рынку калійных угнаенняў. Можа, гэты саюз адновіцца цяпер, калі кантрольны пакет акцыяў «Уралкалію» набыў Міхаіл Прохараў?

КІРЫЛ КОКТЫШ, ПАЛІТОЛАГ:

«Прохараў – гэта вельмі блізкі алігарх да Крамля. Гэта значыць, што яму параілі набыць гэты бізнес і даволі прадказальна, што гэты бізнес будзе працаваць, як і было раней. Так што хаўрус паміж «Уралкаліем» і «Беларускаліем» аднаўляецца з імавернасцю 90 %».

Такі сцэнар насамрэч выглядае найбольш імаверным – экстрадыцыю Баўмгертнера дазваляюць два дні пасля з’яўлення інфармацыі аб продажы кантрольнага пакету акцыяў «Уралкалію» Сулеймана Керымава.

А раней беларускі бок не толькі дамогся распачацця справы супраць Баўмгертнера ў Расеі, але і абвесціў Керымава ў міжнародны вышук. Атрымліваецца, што Аляксандр Лукашэнка фактычна змяніў кіраўніцтва расейскай кампаніі?

КІРЫЛ КОКТЫШ, ПАЛІТОЛАГ:

«Перамога безумоўная, бо Лукашэнка не толькі здолеў адбіць рэйдарскі наезд, але яшчэ і здолеў нанесці адказны ўдар і дамагчыся змены Керымава. Баўмгертнер ужо больш не трэба, так што, здаецца, што ён можа быць вызвалены».



Аднак у палітычных канфліктах зрэдку бываюць адназначныя пераможцы. Пасля разарвання супрацы і «Беларуськалій», і «Уралкалій» страцілі мільярды. А айчынная кампанія прыпыніла працу двух руднікоў і перавяла большасць рабочых на дзве траціны акладу. Да таго ж…

ЯЎГЕН ПРЭЙГЕРМАН, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ»:

«З аднаго боку, мы можам казаць, што Аляксандр Лукашэнка выйшаў такім пераможцам, бо вельмі добра гэта ўсё выглядала. Ну, па-першае, для беларускага ўнутранага спажыўца, а нават пэўнай часткі электарату ў Расеі, – маўляў, такі народны прэзідэнт перамог алігархат. Але з іншага боку – і іміджава мы страцілі, бо гэта быў апошні цвік у труну беларускага інвестыцыйнага клімату».

Бо сапраўды, калі расейска-беларускі картэль ужо ў хуткім часе можа быць адноўлены, цяжка сказаць, як аднавіць імідж краіны, у якой замежнага бізнесоўцу могуць арыштаваць адразу пасля сустрэчы з кіраўніком ураду.

Усевалад Шлыкаў, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў